Мінск 20:15

Затрыманы жыхар Фаніпаля, які пагражаў пісталетам наведвальнікам крамы на запраўцы

Скрыншот: МУС

6 кастрычніка, Позірк. Аб затрыманні 6 кастрычніка жыхара Фаніпаля (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

“Сёння каля дзесяці [гадзін] раніцы паблізу вёскі Вязань Дзяржынскага раёна ў краму пры АЗС зайшоў нецвярозы мужчына. Накіраваўшы ў бок іншых наведвальнікаў прадмет, падобны на пісталет, ён пачаў выкрыкваць пагрозы расправы”, — адзначае ведамства.

Паведамляецца, што супрацоўнікі заправачнай станцыі “націснулі кнопку трывожнай сігналізацыі”, пасля чаго, “літаральна праз дзве хвіліны”, на месца інцыдэнту прыбыў нарад міліцыі.

“Зламыснік спрабаваў уцячы, яго затрымалі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Медагляд 47-гадовага мужчыны выявіў у яго “звыш трох праміле алкаголю ў выдыханым паветры”. Пісталет пры гэтым “аказаўся траўматычным”, падкрэслівае МУС.

“Дзеянням затрыманага следчымі будзе дадзеная прававая ацэнка”, — заявіла ведамства.

Падзяліцца: