Мінск 03:24

Асуджанага па “справе змоўшчыкаў” Зянковіча прыгаварылі яшчэ да 2 гадоў зняволення

Скрыншот: тэлеканал "Беларусь 1"

7 кастрычніка, Позірк. Суд Ленінскага раёна Магілёва прыгаварыў грамадзяніна Беларусі і ЗША адваката Юрыя Зянковіча, які адбывае пакаранне па “справе змоўшчыкаў”, яшчэ да 2 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, палітвязень знаходзіцца пад пастаянным ціскам — яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар, пазбаўлялі пераводаў. На знак пратэсту Зянковіч некалькі разоў абвяшчаў галадоўку.

Паведамляецца, што здароўе мужчыны сур’ёзна пагоршылася. Некалькі месяцаў таму з невядомых прычын яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ.

У верасні Зянковіч звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з вуснай просьбай аб памілаванні і магчымасці вярнуцца ў ЗША. Заяву ён зрабіў у прадэманстраваным 19 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” фільме “Забойная змова. Цэль — Лукашэнка”.

Як грамадзянін ЗША ён таксама звярнуўся да кандыдатаў на пасаду прэзідэнта краіны Камалы Харыс і Дональда Трампа з просьбай паспрыяць яго “хутчэйшаму вяртанню ў Злучаныя Штаты”.

5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Зянковіча да 11 гадоў зняволення па ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і ч. 3 арт. 130 (узбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, здзейсненыя групай асоб).

Пры гэтым мужчына заключыў дасудовае пагадненне са следствам, якое прадугледжвае прызнанне віны і, пры неабходнасці, садзейнічанне ў выкрыцці іншых фігурантаў справы. Згодна з арт. 4688 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у дакуменце “павінны быць прапісаныя нормы крымінальнага закона аб прызначэнні пакарання, якія могуць быць выкарыстаныя ў дачыненні да падазраванага (абвінавачанага) пры выкананні ім абавязацельстваў, прадугледжаных дасудовым пагадненнем аб супрацы”. На практыцы гэта азначае змякчэнне прыгавору.

У снежні 2022 года ў судзе Мядзельскага раёна (Мінская вобласць) адбыўся новы працэс у дачыненні да палітвязня. Мужчыну прызналі вінаватымі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), тэрмін яго пакарання павялічыўся на паўгода.

Адметна, што астатнім фігурантам “справы змоўшчыкаў” Мінаблсуд прызначыў меншыя тэрміны пазбаўлення волі. Старшыня дэ-юрэ ліквідаванай Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута былі асуджаныя на 10 гадоў зняволення, бухгалтар Зянковіча Вольга Галубовіч і кіроўца вялікагрузнага аўтамабіля Дзяніс Краўчук — на 2,5 гады.

Фядута асуджаны паводле ч. 1 арт. 357 КК. Ён прызнаў удзел у змове, але не пагадзіўся з тым, што гэта было зроблена “з нізкіх матываў”.

Кастусёў (ч. 1 арт. 357 КК), які пакутуе ад анкалагічнага захворвання, не прызнаў віну ні па адным з пунктаў. Ён патлумачыў, што ўдзельнічаў у зум-канферэнцыях “змоўшчыкаў” як слухач. 3 ліпеня 2024 года стала вядома, што Кастусёў вызвалены на падставе памілавання.

Галубовіч і Краўчук асуджаныя паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Па гэтай жа справе праходзілі псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС “Алмаз” Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка і Віталь Макаранка, якія жывуць за мяжой.

Гэтыя асобы тым ці іншым чынам таксама фігуруюць у прадэманстраваным беларускімі прапагандыстамі фільме.

29 лістапада 2022 года Вярхоўны суд пакінуў рашэнне па “справе змоўшчыкаў” без змен.

Падзяліцца: