Мінск 06:58

Лукашэнка ўхваліў праект змянення дагавора СНД аб вышуку, наперадзе перамовы

8 кастрычніка, Позірк. Праект пратакола аб унясенні змяненняў у дагавор паміж удзельнікамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб міждзяржаўным вышуку ўхвалены ў якасці асновы для правядзення перамоў. Адпаведны ўказ № 391 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 7 кастрычніка.

Згодна з дакументам, апублікаваным 8 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, на правядзенне перамоў упаўнаважанае Міністэрства ўнутраных спраў.

Якія менавіта змяненні ўносяцца ў дагавор, не ўдакладняецца — тэкст пратакола, як адзначана ва ўказе, “не рассылаецца”.

Дагавор аб міждзяржаўным вышуку падпісаны 10 снежня 2010 года ў Маскве. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Згодна з арт. 3, кампетэнтныя органы бакоў супрацоўнічаюць у формах “выканання запытаў аб правядзенні мерапрыемстваў па міждзяржаўным вышуку асоб”, “абмену аператыўнай, вышуковай, аператыўна-даведачнай, крыміналістычнай ды іншай інфармацыяй пра асоб, якія вышукваюцца”, “планавання і ажыццяўлення скаардынаваных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў” ды інш.

Пры гэтым Азербайджан і Арменія падпісалі дакумент з агаворкамі ў дачыненні да асоб на тэрыторыі Нагорнага Карабаха, які Баку тады называў “часова акупаванай тэрыторыяй”. Ерэван на той момант заяўляў, што не будзе прымяняць палажэнні дагавора ў дачыненні да Азербайджана да ўрэгулявання карабахскага канфлікту, характарызуючы яго як вынік ажыццяўлення Баку “палітыкі этнічных чыстак у дачыненні да самавызначанага народа Нагорнага Карабаха і развязвання ваеннай агрэсіі супраць Нагорна-Карабахскай Рэспублікі”.

3 кастрычніка 2024 года генеральны пракурор Андрэй Швед, паводле інфармацыі беларускага ведамства, на сустрэчы з армянскай калегай Ганнай Вардапецян, абмеркаваў пытанне выдачы Беларусі суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах. Генпракуратура Арменіі ў паведамленні пра візіт Шведа абмеркаванне пытання выдачы асоб не ўзгадала.

Сёлета Арменія некалькі разоў адмовілася выдаваць людзей на запыт беларускага боку.

2 верасня грамадзянка Беларусі Дыяна Майсеенка была затрыманая пры перасячэнні мяжы паміж Грузіяй і Арменіяй. Мінск абвясціў Майсеенка ў вышук як абвінавачаную паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Беларуску некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні паліцыі, а пасля адпусцілі без выстаўлення якіх-небудзь прэтэнзій.

2 лютага пры перасячэнні гэтай жа мяжы быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Новікаў быў змешчаны пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён звярнуўся па палітычны прытулак. У траўні Арменія надала Новікаву статус уцекача.

У чэрвені ў Арменіі атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.

Падзяліцца: