Мінск 02:19

За траціну года тавараабарот Беларусі і Кыргызстана вырас на 14,1% — Сівак

Бішкек
Ілюстрацыйнае фота: Alonso Brosmann / goodfon.com

28 лістапада, Позірк. За дзевяць месяцаў 2024 года тавараабарот Беларусі і Кыргызстана вырас на 14,1% і склаў амаль 135 млн долараў, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак 28 лістапада на 12-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы ў Бішкеку.

Паводле слоў чыноўніка (відэафрагмент выступу апублікаваны прэс-службай урада), у 2023 годзе тавараабарот паміж краінамі ў параўнанні з 2022-м павялічыўся толькі на 1%.

Сівак адзначыў, што актывізацыя супрацы адбываецца на фоне ўскладнення палітычнага становішча ў свеце і санкцый. Ён падкрэсліў, што Кыргызстан з’яўляецца для Беларусі важным гандлёва-эканамічным партнёрам, стасункі краін “развіваюцца пазітыўна”.

У сферы прамысловай кааперацыі “добры прыклад паказвае” праект па зборцы электроннага абсталявання, нарошчваюцца пастаўкі сельскагаспадарчай і іншай беларускай тэхнікі ў Кыргызстан, заявіў чыноўнік.

Паводле яго слоў, маецца магчымасць павелічэння беларускіх крэдытных рэсурсаў, у тым ліку Банка развіцця Беларусі, выдзялення экспартных крэдытаў. Ён прапанаваў “кыргызскім сябрам” скарыстацца гэтай магчымасцю і прапаноўваць свае праекты.

“Чакаем, што 2024 будзе завершаны з добрымі паказчыкамі”, — падсумаваў віцэ-прэм’ер.

Беларусь і Кыргызстан з’яўляюцца партнёрамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама саюзнікамі ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

Напрыканцы жніўня 2023 года дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што па выніках 2022 года тавараабарот паміж Беларуссю і Кыргызстанам перавысіў 160 млн долараў.

Паводле даных МЗС, тавараабарот Беларусі з Кыргызстанам у 2021 годзе склаў 97,1 млн долараў (беларускі экспарт — 86,2 млн).

У Кыргызстане 5 верасня змяніліся правілы рэгістрацыі грамадзян краін, якія карыстаюцца правам бязвізавага знаходжання, у тым ліку беларусаў. Раней грамадзяне Беларусі рэгістраваліся на паўгода “з правам далейшага падаўжэння ў залежнасці ад мэты знаходжання”.

У адпаведнасці з новымі правіламі рэгістрацыя або падаўжэнне рэгістрацыі магчымыя толькі на падставе аднаго з дакументаў, якія даюць права на знаходжанне ў Кыргызстане, напрыклад, дазволу на жыхарства.

Афіцыйны Мінск ігнаруе запыты кыргызскай генпракуратуры аб выдачы былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, завочна прыгавораны на радзіме ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па справах, звязаных у тым ліку з карупцыяй.

Падзяліцца: