Мінск 17:16

За восем месяцаў пабудавана на 18,7% менш кватэр у параўнанні з тым жа перыядам 2025 года

Ілюстрацыйнае фота: Artem Labunsky / unsplash.com

21 верасня, Позірк. У студзені — жніўні 2026 года арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 19,6 тыс. новых кватэр — на 18,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2025 года (24,1 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 2 млн 45,4 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (-11,7%; 2 млн 316,2 тыс.).

Для асоб, щто маюць патрэбу ў паляпшэнні ўмоў, за восем месяцаў пабудавана 608,7 тыс. кв. м жылля (-12,8% раза; 697,9 тыс.), у тым ліку з дзяржпадтрымкай — 274,9 тыс. (-36,1%; 429,9 тыс.).

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 857,6 тыс. кв. м жылля (-5,5%; 907,8 тыс.).

Савет міністраў пастановай № 3 ад 5 студзеня вызначыў заданні па жыллёвым будаўніцтве на 2026 год: паводле дзяржзамовы — 407,4 тыс. кв. м; з дзяржпадтрымкай — 238,3 тыс. кв. м; арэнднага жылля — 650 тыс. кв. м; жылля, у якім для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы выкарыстоўваецца электраэнергія — 315 тыс. кв. м; жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання — 22,9 тыс. кв. м.

Пастанова прадугледжвае, што 5,93 тыс. шматдзетных сем’яў маюць быць забяспечаныя жыллём у адпаведнасці з патрабаваннем пра накіраванне такіх сем’яў на паляпшэнне жыллёвых умоў на працягу аднаго года з дня пастаноўкі на ўлік у якасці асоб з патрэбаю.

На будаўніцтва інфраструктуры да жылля мае быць выдзелена 1 млрд 341 млн 908 тыс. рублёў.

Будаўніцтва арэнднага жылля ўваходзіць у пяцёрку галоўных прыярытэтаў урада на 2026–2030 гады. Як раней заяўляў міністр эканомікі Юрый Чабатар, па арэндным жыллі “ўся заканадаўчая база ўжо сёлета створаная”: “Людзі ведаюць, на якіх падставах, паводле якіх правілаў можна будзе [яго] выкупляць. Адпаведны ўказ прыняты. Указ прыняты і пра тое, на якіх умовах прадпрыемствы будуць крэдытавацца для стварэння свайго арэнднага жыллёвага фонду”.

Паводле даных Белстата, у 2025-м, 2024-м і 2023 гадах у эксплуатацыю ўведзена 4 млн 573,6 тыс., 4 млн 390,5 тыс. і 4 млн 195,7 тыс. кв. м жылля адпаведна.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных Еўразійскай эканамічнай камісіі, у першым паўгоддзі Беларусь займала перадапошняе месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе па ўводзе жылля ў эксплуатацыю.

Агулам яго аб’ём па саюзе знізіўся на 13,9%: у Расіі — на 17%, Беларусі — на 11,6%; у Арменіі — вырас на 47,1%, Кыргызстане — на 7,5%, Казахстане — на 6,7%.

Падзяліцца: