Мінск 20:29

У беларускай спартыўнай дэлегацыі ў Дакары скралі фотатэхніку, падазраваны аказаўся звязаны з мясцовым Мінздароўя — СМІ

Ілюстрацыя: Marco Chilese / unsplash.com

5 лістапада, Позірк. Пра затрыманне двух падазраваных па справе аб крадзяжы фотатэхнікі ў беларускай дэлегацыі на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Дакары паведаміла сенегальскае выданне Dakaractu са спасылкай на мясцовую газету Libération.

Паводле інфармацыі СМІ, 2 лістапада два прадстаўнікі дэлегацыі ў суправаджэнні адказнага за бяспеку заявілі пра крадзеж. Фотатэхніку скралі, узламаўшы багажнік аўтамабіля на паркоўцы гатэля Pullman.

Пасля вывучэння запісаў камер назірання і выяўлення аўтамабіля падазраванага, паліцэйскія выйшлі на кіроўцу, якога затрымалі ў Міністэрстве аховы здароўя і грамадскай гігіены Сенегала. Падчас допыту ён назваў другога мужчыну, якога знайшлі на рынку Нгелаў.

У краме другога падазраванага была выяўленая скрадзеная тэхніка. Абодва мужчыны затрыманыя: адзін — паводле падазрэння ў крадзяжы з узломам, другі — у збыце крадзенага.

Пасля паведамленняў пра гэта міністр аховы здароўя і грамадскай гігіены Ібрагім Сі выступіў з заявай, якую 4 лістапада апублікавала сенегальскае выданне Senego.

Ён адпрэчыў інфармацыю аб датычнасці да крадзяжу свайго асабістага кіроўцы. Паводле слоў міністра, затрыманы часова працаваў кіроўцам у межах праграмы, падведамаснай міністэрству.

Сі заявіў пра рашэнне падаць скаргу на аўтара сцвярджэнняў, якія, паводле яго ацэнкі, наносяць шкоду яго гонару і рэпутацыі.

Міністр выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што адбылося, і адзначыў, што расследаванне працягваецца. Ён таксама падкрэсліў, што інцыдэнт не павінен засланяць працу супрацоўнікаў ведамства, якія забяспечваюць медыцынскае суправаджэнне ўдзельнікаў спаборніцтваў.

Падзяліцца: