Мінск 19:00

Беларускі амбасадар дамовіўся ў Міністэрстве аховы здароўя Зімбабвэ аб пашырэнні паставак туды лекаў і абсталявання

5 лістапада, Позірк. Аб пашырэнні паставак у Зімбабвэ медыцынскіх прэпаратаў, матэрыялаў і абсталявання, а таксама дзіцячага харчавання дамовіўся амбасадар Юрый Мікалайчык на сустрэчы з міністрам аховы здароўя і догляду за дзецьмі краіны Дугласам Мамбешорай, паведамляе прэс-служба беларускага Міністэрства замежных спраў.

Адзначаецца, што суразмоўцы пацвердзілі “ўзаемную зацікаўленасць у далейшай актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя і вывадзе яго на якасна новы ўзровень”.

Бакі “прадметна абмеркавалі” ход выканання палажэнняў дарожнай карты стратэгічнага двухбаковага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026–2030 гады.

Лукашэнка наведваў Зімбабвэ 30 студзеня — 1 лютага 2023 года. У красавіку таго ж года з шматдзённым візітам у Мінск прыязджала жонка зімбабвійскага прэзідэнта Аксілія Мнангагва.

У ліпені 2024 года яна зноў прылятала ў Беларусь. На сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што чакае візіту ў Мінск яе мужа Эмерсана Мнангагвы.

Такі візіт адбыўся ў траўні 2025 года. Па выніках перамоў Лукашэнка і Мнангагва падпісалі дарожную карту стратэгічнага двухбаковага супрацоўніцтва і партнёрства на 2026–2030 гады.

На сустрэчы са старшынёй Сената гэтай краіны Мэйбл Меморы Чынамонай 26 лютага 2026 года ў Мінску Лукашэнка “пацвердзіў арыенцір на дасягненне на працягу бліжэйшых гадоў тавараабароту з Зімбабвэ ў 100 млн долараў”.

Тады ж паведамлялася, што па выніках мінулага года двухбаковы тавараабарот склаў больш за 26 млн долараў.

З “кароткатэрміновым рабочым візітам”, які не анансаваўся, прэзідэнт Зімбабвэ наведаў Мінск 15 траўня 2026 года.

Падзяліцца: