Мінск 12:06

Трое беларусаў затрыманыя ў Польшчы за нелегальны выраб цыгарэт

Фота: Памежная ахова Польшчы

5 лістапада, Позірк. Чацвёра мужчын — трое грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Польшчы — затрыманыя за нелегальны выраб тытунёвых вырабаў, паведамляе Цэнтральнае бюро расследаванняў (ЦБР) польскай паліцыі.

Паводле інфармацыі ведамства, напрыканцы кастрычніка супрацоўнікі Хэлмскага аддзела Люблінскага ўпраўлення ЦБР і заставы Памежнай аховы ў Браневе (Вармінска-Мазурскае ваяводства) правялі спецыяльныя мерапрыемствы на тэрыторыі Пултуска і Валамінскага павета (Мазавецкае ваяводства).

Супрацоўнікі выявілі поўную лінію па ўпакоўцы цыгарэт, а таксама склад, на якім захоўваліся кампаненты для вытворчасці тытунёвых вырабаў, уключаючы папяросную паперу і паліграфічныя матэрыялы. Таксама было канфіскавана больш за 400 тыс. цыгарэт адной з вядомых тытунёвых марак. Ацэначны кошт вынятых вырабаў перавышае 400 тыс. злотых (больш за 100 тыс. долараў).

У раённай пракуратуры Пултуска затрыманым выставілі абвінавачанні, якія, у прыватнасці, датычацца ўдзелу ў арганізаванай злачыннай групе, што займаецца нелегальным гандлем цыгарэтамі. Паводле хадайніцтва пракуратуры суд накіраваў падазраваных пад часовы арышт. Калі віна будзе даказаная, фігурантам можа пагражаць да 8 гадоў пазбаўлення волі.

12 кастрычніка Памежная ахова Польшчы паведаміла пра прымусовае выправаджэнне з краіны дзевяцярых грамадзян Беларусі, якія працавалі на нелегальнай вытворчасці тытунёвых вырабаў. Яны абслугоўвалі лініі па вытворчасці цыгарэт, якія пасля паступалі ў абарот без польскіх акцызных марак.

Расследаванне ў дачыненні да гэтых асоб вялося ў Гданьску. Ім выставілі абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе.

Пасля выправаджэння беларусам на 7 гадоў забаронены ўезд у Польшчу ды іншыя краіны Шэнгенскай зоны.

Падзяліцца: