Мінск 09:36

Пачалася рэканструкцыя пункта пропуску Каменны Лог на мяжы з Літвой, работы плануецца завяршыць у 2029 годзе

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

5 лістапада, Позірк. Маштабная рэканструкцыя пункта пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) пачалася 5 лістапада, вынікае з паведамлення Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, мадэрнізацыю плануецца завяршыць у 2029 годзе.

“У перыяд правядзення будаўнічых работ схема руху транспартных сродкаў будзе змяняцца без зніжэння цяперашняй прапускной здольнасці”, — адзначыў ДМК.

Пачатак рэканструкцыі гэтага пункта пропуску ў 2026 годзе старшыня мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі анансаваў яшчэ напрыканцы студзеня. Тады ён заявіў, што Каменны Лог — “адзіны з пунктаў пропуску на мяжы з ЕС, дзе не было рэканструкцыі больш за 20 гадоў”.

“Будзем гэты пункт пропуску кардынальна перабудоўваць з павелічэннем прапускной здольнасці ў тры разы і стварэннем найлепшых умоў для перасячэння мяжы”, — сказаў Арлоўскі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Віктар Зубік на прэс-канферэнцыі ў сярэдзіне верасня заявіў, што ў выніку рэканструкцыі прапускная здольнасць пункта павялічыцца да 6 тыс. аўтамабіляў за суткі.

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, цяперашняя прапускная здольнасць пункта Каменны Лог — 600 легкавых і 500 грузавых аўтамабіляў за суткі.

На мяжы з Літвой цяпер працуюць два пункты пропуску — Каменны Лог і Беняконі (Шальчынінкай).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

Падзяліцца: