Мінск 19:30

Прэс-сакратар МЗС Варанкоў памылкова заявіў, што CAS прадпісаў дапусціць беларускія зборныя да хакейных турніраў

Руслан Варанкоў
Фота: mfa.gov.by

5 лістапада, Позірк. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Руслан Варанкоў, крытыкуючы пазіцыю Канады адносна допуску да спаборніцтваў беларускіх і расійскіх спартсменаў, прыпісаў Спартыўнаму арбітражнаму суду (CAS) рашэнне ў дачыненні да беларускіх хакейных зборных. Аднак, як вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу, апублікаванае паведамленне суда датычыцца выключна расійскіх каманд.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта РІА “Новости” (Масква), прадстаўнік МЗС заявіў: “Хацеў бы нагадаць, што днямі Спартыўны арбітражны суд вынес рашэнне, якое прадпісвае забяспечыць удзел беларускай і расійскай каманд у турнірах Міжнароднай федэрацыі хакея ў сезоне 2026/2027. Канада як гаспадыня турніру не можа яго ігнараваць”.

У прэс-рэлізе CAS ад 30 кастрычніка гаворыцца аб задавальненні скаргі Федэрацыі хакея Расіі на Міжнародную федэрацыю хакея (ІІХФ). Суд абавязаў дапусціць расійскія зборныя да пяці чэмпіянатаў свету сезона 2026/27: мужчынскага, жаночага, моладзевага, а таксама юніёрскіх турніраў сярод юнакоў і дзяўчат. Беларускія каманды ў гэтым рашэнні не фігуруюць.

Выключна пра ўдзел расійскіх зборных гаворыцца і ў заяве Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ), апублікаванай у той жа дзень.

Федэрацыя хакея Беларусі 30 кастрычніка вітала рашэнне CAS па Расіі, паведаміўшы, што па пытанні аднаўлення ў правах нацыянальнай і моладзевай зборных Беларусі яшчэ чакаецца рашэнне Дысцыплінарнай калегіі ІІХФ. Яе заяву прыводзіў сайт BelarusHockey. Такім чынам, гаворка ішла пра асобную працэдуру ў іншай інстанцыі.

Варанкоў назваў адмову ў візах дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы і заявіў, што дзяржава, якая прымае міжнародныя спаборніцтвы, абавязаная забяспечыць допуск удзельнікаў. Ён выказаў спадзеў, што ІІХФ забяспечыць выкананне сваіх рэгламентаў і рашэння суда.

Як паведамляў “Позірк”, прэм’ер-міністр Канады Марк Карні 3 лістапада заявіў, што спартсмены Беларусі і Расіі не будуць выступаць за свае зборныя ў Канадзе, пакуль гэтыя краіны падтрымліваюць вайну супраць Украіны. Адказваючы непасрэдна пра моладзевы чэмпіянат свету па хакеі, ён падкрэсліў, што расійскіх гульцоў на турніры не будзе.

У апублікаванай тады ж заяве канадскага ўрада абмежаванні таксама тычыліся абедзвюх краін. Улады паведамілі пра намер не дапускаць уезд спартсменаў і афіцыйных асоб для ўдзелу ў спаборніцтвах пад нацыянальнай сімволікай. Пры гэтым для атлетаў, якія выступаюць у нейтральным статусе, магчымасць удзелу захоўваецца.

Моладзевы чэмпіянат свету пройдзе ў Эдмантане і Рэд-Дзіры з 26 снежня 2026 года да 5 студзеня 2027-га.

Падзяліцца: