Мінск 15:23

Лукашэнка зноў прыгразіў накіроўваць у войска за невыкананне задач: Будуць узімку капаць зямлю і спаць у намётах

Ілюстрацыйнае фота: wirestock / magnific.com

5 лістапада, Позірк. Накіраваннем у войска за невыкананне задач у чарговы раз прыгразіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 5 лістапада сельскагаспадарчае прадпрыемства “АСБ-Агра Гарадзец” у Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласць).

Варта адзначыць, што да абрання прэзідэнтам у 1994 годзе Лукашэнка быў дырэктарам менавіта гэтай арганізацыі — саўгаса “Гарадзец”.

Звяртаючыся да цяперашняга кіраўніка прадпрыемства Сяргея Сысы, палітык, якога цытуе яго прэс-служба, заявіў, што той “мае ўсё” для развіцця гаспадаркі, далей патрэбная аддача пры выкананні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

“Задачу накрэсліў, намаляваў. Не зроблена — да [Віктара] Хрэніна — міністра абароны. [Адказныя за невыкананне задач] будуць узімку капаць зямлю і спаць у намётах. Жалезнай павінна быць дысцыпліна — гэта не мая выдумка. Іншага шляху няма, — сказаў ён. — Людзям заробку не шкадуй. Але гэта мае быць заробак, а не дарма [выплачаныя] грошы. <…> Не дай бог я пабачу, што будзе горш, чым цяпер. Таму я раю: патрабуй гэта ад людзей. Ты ж малады чалавек. Вы — будучыня гэтай краіны. Адсюль вось такія, як ты, маюць вырасці, і мы іх падымем наверх”.

Новую ферму “АСБ-Агра Гарадзец” Лукашэнка назваў курортам. “Дзякуй богу, што я такога не меў — я б прэзідэнтам не стаў. Я б ніколі не з’ехаў з гэтай гаспадаркі, калі б меў гэта ўсё”, — падкрэсліў спікер.

Лукашэнка арыентаваў падначаленых на будаўніцтва ў краіне “невялікіх ферм па адкорме буйной рагатай жывёлы мясных парод”. Гаворка перш за ўсё пра “аддаленыя тэрыторыі ў раёнах, дзе нерэнтабельна займацца малочным кірункам, але кармавая база дазваляе ўтрымліваць параўнальна невялікае мясное пагалоўе”.

“Нам давядзецца гэта рабіць. У Віцебскай вобласці абавязкова”, — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што “шмат такіх тэрыторый маецца і ў Магілёўскай, Мінскай абласцях, а часткова і ў іншых рэгіёнах”.

Паводле яго слоў, на невялікіх тэрыторыях, аддаленых ад цэнтраў гаспадарак, з пункту гледжання лагістыкі і эканомікі “часта нерэнтабельна ўтрымліваць малочна-таварны комплекс”.

“Там 200 гектараў зямельныя ўгоддзі. 200 гектараў могуць пракарміць 100 галоў. Вось узялі і паставілі гаспадарку з усім шлейфам, — сказаў ён. — Нам трэба разумна ставіцца да таго, дзе што рабіць. І рабіць капітальна і тэхналагічна”.

Адзначаецца, што на ферму “АСБ-Агра Гарадзец” паступіла 235 галоў маладняку герэфордскай пароды для фармавання племяннога мяснога статка. Мяса кароў гэтай пароды, як заяўлена, мае выяўленую “мармуровасць” і насычаныя смакавыя якасці.

Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць дысцыпліны разлікаў з добрасумленнымі работнікамі. Паводле яго слоў, людзі павінны разумець, што іх даход наўпрост залежыць ад укладзенай працы: “Усе разгільдзяі і п’яніцы павінны бачыць — хто працуе, той і зарабляе”.

21 ліпеня на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі палітык заявіў, што тыя, хто “дрэнна працуе і не выконвае працоўную дысцыпліну”, павінны праходзіць кароткую падрыхтоўку і накіроўвацца ў вайсковыя падраздзяленні, размешчаныя ля ўкраінскай мяжы. Ён таксама запатрабаваў накіроўваць чыноўнікаў на працу ў сельгасарганізацыі, прыгразіўшы за невыкананне гэтых указанняў службай у арміі.

На наступны дзень Хрэнін прадставіў прапановы па прыцягненні вайсковых камісараў да выканання даручэння пра накіраванне ў войска работнікаў, “якія праявілі нядобрасумленнасць і недысцыплінаванасць падчас уборачнай кампаніі”.

Пра пачатак “збору з прызывам вайсковаабавязаных” супрацоўнікаў сельгасарганізацый у Сілах спецыяльных аперацый ваеннае ведамства паведаміла 9 жніўня, пра адпрацоўку імі элементаў тактычнай падрыхтоўкі — праз дзесяць дзён (адначасова армія традыцыйна дапамагае гаспадаркам ва ўборцы збожжавых; Мінабароны неаднаразова справаздачылася пра гэта).

27 жніўня Лукашэнка заяўляў, што на зборы прызвана “каля 500 работнікаў”, якіх мясцовыя ўлады палічылі “нядбайнымі”. Пры гэтым, паводле яго слоў, гэта не “п’яніцы”, да іх “няма ніякіх прэтэнзій”.

Такім чынам, колькасць прызваных, паводле версіі Мінабароны, аказалася значна ніжэйшай.

Зборы з вайсковаабавязанымі работнікамі сельгаспрадпрыемстваў “дасягнулі сваёй мэты”, гэтая практыка будзе развівацца, “калі спатрэбіцца”, заяўляў 5 кастрычніка Хрэнін.

Паводле інфармацыі ведамства, на працягу двух месяцаў больш за 170 ваеннаабавязаных на базе 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады прайшлі інтэнсіўны курс баявой падрыхтоўкі і здалі іспыты па агнявым, тактычным, інжынерным і медыцынскім складніках.

Удзельнікі таксама выконвалі “задачы па прыкрыцці паўднёвых рубяжоў краіны”, фартыфікацыйным абсталяванні мясцовасці, патруляванні “асабліва небяспечных кірункаў беларуска-ўкраінскай мяжы”.

Прызваных Хрэнін назваў “вельмі добрымі, працавітымі людзьмі”: “Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ў нас вельмі добрасумленныя людзі. Яны ўмеюць вучыцца, мяняцца, рабіць высновы”.

Падзяліцца: