Мінск 13:07

Дома ў жыхара Полацка знойдзеная самаробная зброя і глушыльнікі, а таксама патроны і порах — распачатая крымінальная справа

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

5 лістапада, Позірк. У дачыненні да 52-гадовага жыхара Полацка (Віцебская вобласць) распачатая крымінальная справа за “незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Згодна з інфармацыяй ведамства, аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па месцы жыхарства грамадзяніна правялі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК і байцы атрада спецыяльнага прызначэння “Віцязь” унутраных войскаў МУС.

“У яго кватэры выяўлена і вынята шэсць адзінак самаробнай агнястрэльнай зброі, два самаробныя глушыльнікі, патроны, порах, — гаворыцца ў паведамленні. — Мужчына патлумачыў, нібыта маёмасць дасталася яму ад памерлага бацькі”.

“Аднак міліцыянеры высветлілі, што палачанін мае навыкі вырабу і аднаўлення такога кшталту вырабаў. Менавіта ён займаўся іх незаконнай рэстаўрацыяй і калекцыянаваннем”, — падкрэсліла МУС.

Напрыканцы кастрычніка міністэрства падвяло вынікі асноўнага этапу штогадовай аперацыі “Арсенал”, які прайшоў 19–23 кастрычніка. Было заяўлена, што з незаконнага абароту вынята 52 адзінкі наразной і гладкаствольнай зброі, больш за 4 тыс. боепрыпасаў, 33 пнеўматычныя вінтоўкі з узмоцненай кінетычнай энергіяй, звыш 24 кг выбуховых рэчываў і амаль 2 тыс. выбухованебяспечных прадметаў часоў Другой сусветнай вайны.

Агулам праверана 119 чалавек, праведзена 175 ператрусаў і аглядаў. Сярод выянтага — порах, траціл, тол, міны, снарады, гранаты і запальнікі.

За незаконнае захоўванне, перавозку, збыт і выраб зброі і боепрыпасаў прадугледжаная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Асобы, якія добраахвотна здалі незарэгістраваную зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад адказнасці.

Падзяліцца: