Мінск 01:58

“Вясна”: За апошнія паўтара года ўлады схавалі інфармацыю пра 670 асуджаных паводле палітычных матываў

Ілюстрацыя: Hasan Almasi / unsplash.com

5 лістапада, Позірк. За апошнія паўтара года ўлады схавалі інфармацыю прыкладна пра 670 асуджаных паводле палітычных матываў — гэта каля 27% іх агульнай колькасці. Пра гэта гаворыцца ў кастрычніцкай справаздачы праваабарончага цэнтра “Вясна“ пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Праваабаронцы ўстанавілі імёны часткі з іх, супаставіўшы даныя, абнародаваныя генеральным пракурорам Дзмітрыем Гарой, і пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

“Вясна” канстатуе, што магчымасці маніторынгу палітычна матываваных пераследаў пастаянна скарачаюцца.

З сярэдзіны верасня МУС перастала абнаўляць пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Хаваюцца звесткі аб прызнанні груп грамадзян “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”.

Паводле звестак “Вясны”, з 2020 года ад палітычна матываванага крымінальнага пераследу пацярпела сама меней 10.201 чалавек, не менш за 8.807 асуджана, у тым ліку завочна.

На канец кастрычніка ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 886 палітвязняў, у т.л. 111 жанчын. Усяго з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года палітвязнямі прызнана 4.860 чалавек, з іх 914 жанчын. Колькасць былых палітвязняў дасягнула 4.025 (803 жанчыны).

На працягу месяца праваабаронцы прызналі палітвязнямі 43 чалавекі і запатрабавалі рэабілітацыі 13 былых палітвязняў, вызваленых да прызнання іх такімі праваабарончай супольнасцю.

Мінімум 172 палітвязняў знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз стан здароўя, узрост або абставіны зняволення.

Сярод найбольш цяжкіх выпадкаў “Вясна” называе Таццяну Колас, якая пакутуе на анкалагічнае захворванне, Вячаслава Арэшку, які цалкам страціў зрок, Уладзіміра Гундара, які мае інваліднасць (няма нагі), а таксама Уладзіміра Целяпуна з анкалагічным захворваннем і Максіма Шуканава з эпілепсіяй.

Працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі: крымінальны пераслед тых, хто з’ехаў з краіны, унясенне іх у пералікі “экстрэмістаў“, сачэнне, ціск на сваякоў і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, а таксама канфіскацыя маёмасці эмігрантаў.

Паводле ацэнкі праваабаронцаў, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне застаецца вельмі цяжкай, “сістэмны пераслед апанентаў улады не сціхае, ён прадыктаваны палітычнымі матывамі і сфакусаваны на падаўленні іншадумства, апазіцыі і любой праявы нелаяльнасці”.

Адзначаецца адсутнасць прагрэсу ў забеспячэнні асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў і свабод.

У кастрычніку удзельнікам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” стала вядома аб выкананні смяротнага прысуду Аляксандру Таратуце, асуджанаму ў 2023 годзе. Ён быў расстраляны 9 кастрычніка 2024 года — менш чым праз год пасля набыцця прысудам моцы.

Агулам за час незалежнасці Беларусі паводле прыгавораў суда было расстраляна каля 400 чалавек. Беларусь застаецца адзінай краінай Еўропы, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.

Падзяліцца: