Мінск 01:14

У Польшчы арыштаваныя два атрымальнікі дастаўленых з Беларусі па паветры цыгарэт

5 лістапада, Позірк. Аб затрыманні і арышце двух грамадзян Польшчы, якія спрабавалі забраць цыгарэты, дастаўленыя з Беларусі па паветры, паведаміла Памежная ахова Польшчы.

Аперацыю на тэрыторыі гміны Міхалова правялі супрацоўнікі памежных застаў у Баброўніках і Міхалова Падляскага аддзела ведамства.

Затрыманыя 51-гадовая жанчына і 38 — гадовы мужчына-жыхары адной з памежных гмін. Знойдзены скрутак з 1.500 пачкамі цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі коштам больш за 40 тыс. злотых (блізу 10,2 тыс. долараў ЗША). Паводле інфармацыі ведамства, для кантрабанды выкарыстоўваліся метэаралагічныя шары.

Фігурантам прад’яўленыя абвінавачанні па Крымінальна-фіскальным кодэксе, законе аб асаблівых мерах процідзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі, а таксама законе аб авіяцыйным праве.

Раённы суд Беластока ўзяў мужчыну пад варту на два месяцы, жанчыну — на месяц. Паводле інфармацыі памежнай службы, ім пагражае не менш за тры гады пазбаўлення волі.

Паводле інфармацыі памежнікаў, высвятляюцца дадатковыя абставіны здарэння і іншыя магчымыя ўдзельнікі кантрабанднай схемы.

Падзяліцца: