Мінск 18:12

Разарваўшы пагадненне аб апавяшчэнні пра ядзерную аварыю, Украіна падрывае абарону сваіх грамадзян, лічыць МЗС Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Олександра Бардаш / unsplash.com

21 верасня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Беларусі “з глыбокім шкадаваннем” успрыняло рашэнне Украіны спыніць дзеянне двухбаковага пагаднення аб аператыўным апавяшчэнні пра ядзерную аварыю і супрацу ў галіне радыяцыйнай бяспекі, заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Руслан Варанкоў.

Пры гэтым, паводле яго слоў, Мінск не атрымліваў па дыпламатычных каналах афіцыйнага паведамлення пра рашэнне Кіева разарваць гэта міжурадавае пагадненне. “Паводле ўмоў пагаднення, яно спыніць сваё дзеянне па заканчэнні шасці месяцаў ад моманту атрымання такога паведамлення”, — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Варанкоў адзначыў, што гэта рашэнне “не скасуе супрацу як такую”, бо і Беларусь, і Украіна з’яўляюцца бакамі “Канвенцыі аб аператыўным апавяшчэнні пра ядзерную аварыю 1986 года, якая працягвае дзейнічаць у поўным аб’ёме, а ўніверсальныя механізмы апавяшчэння праз МАГАТЭ захоўваюцца”.

“Аднак двухбаковы фармат не з’яўляецца простым дубляваннем канвенцыі. Гэта больш аператыўны, канкрэтны і прадказальны спосаб узаемадзеяння, — заявіў ён. — Самае адчувальнае, што сыдзе разам з пагадненнем — гэта ранняе папярэджанне, прамы кругласутачны канал сувязі і штогадовы абмен данымі пра бяспеку ядзерных аб’ектаў. Асабліва паказальна, што такое рашэнне прымае менавіта Украіна — дзяржава, якая, як і Беларусь, панесла каласальныя страты ад Чарнобыля і, здавалася б, лепш за іншых мае разумець цану запозненай інфармацыі”.

“Кіеў не можа не ўсведамляць, што падрывае абарону ўласных грамадзян, прыносячы яе ў ахвяру палітычнай кан’юнктуры, якая не мае нічога агульнага з радыяцыйнай бяспекай. Радыяцыйная рызыка не ведае дзяржаўных межаў і не дзеліць людзей на “сваіх” і “чужых”. Калі гаворка ідзе пра своечасовае апавяшчэнне, пра даныя маніторынгу, пра прагноз распаўсюду выкіду, лік ідзе на гадзіны, а часам на хвіліны. У гэтых умовах любы прабел у аператыўным узаемадзеянні робіцца патэнцыйнай пагрозай для здароўя і жыцця простых людзей па абодва бакі мяжы”, — дадаў прэс-сакратар МЗС.

Згаданае пагадненне было падпісана 16 кастрычніка 2001 года ў Кіеве. 17 верасня 2026 года Кабінет міністраў Украіны прыняў пастанову № 1140, якой разарваў гэты дакумент і даручыў знешнепалітычнаму ведамству паведаміць Беларусі пра свае рашэнне.

У непасрэднай блізкасці ад мяжы Беларусі месціцца спыненая Чарнобыльская АЭС, на некаторай адлегласці — Ровенская АЭС. Абедзве нясуць небяспеку ва ўмовах поўнамаштабнай вайны, якую Расія вядзе супраць Украіны з лютага 2022 года.

За апошнія гады на ЧАЭС некалькі разоў перарывалася энергазабеспячэнне, неабходнае для вентыляцыі, радыяцыйнага кантролю, абыходжання з адпрацаваным палівам і радыеактыўнымі адкідамі, сістэм Новага бяспечнага канфайнмента (НБК) ды інш. У сярэдзіне лютага 2025 года ў ахоўную абалонку аркі НБК над разбураным у 1986 годзе 4-м энергаблокам ЧАЭС урэзаўся беспілотнік. Узнік пажар, ачагі тлення тушылі больш за тыдзень.

Паводле даных МАГАТЭ, у 2025–2026 годзе дроны неаднаразова фіксаваліся ў раёне працоўнай Ровенскай АЭС. У лістападзе 2025-га былі атакаваныя электрападстанцыі, якія забяспечваюць працу ядзернага аб’екта, у выніку чаго энергетыкі былі вымушаныя знізіць магутнасць АЭС.

Падзяліцца: