Пастаянныя прадстаўнікі ЕС дамовіліся падоўжыць на 3 гады санкцыі ў дачыненні да беларускіх грамадзян і кампаній, звязаных з агрэсіяй РФ супраць Украіны

21 верасня, Позірк. Пастаянныя прадстаўнікі краін ЕС дамовіліся падоўжыць санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх і расійскіх фізічных і юрыдычных асоб не на шэсць месяцаў, як раней, а адразу на 3 гады, паведамляе Чэшскае тэлебачанне са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.
Гаворка пра абмежавальныя меры, уведзеныя “ў сувязі з дзеяннямі, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны” (Decision 2014/145/CFSP / Regulation 269/2014).
Рашэнне прынятае 21 верасня на пасяджэнні Камітэта пастаянных прадстаўнікоў краін ЕС у Бруселі. Адзначаецца, што цяпер яго маюць “фармальна зацвердзіць у рамках пісьмовай працэдуры”.
Паводле інфармацыі чэшскага СМІ, у рамках “кампраміснага пагаднення” з санкцыйнага спісу выключылі двух расійскіх мільярдэраў — Міхаіла Фрыдмана і Алішэра Усманава. Адзначаецца, што менавіта праз рознагалоссі вакол патрабавання выключыць гэтых людзей са спісу зацягнуліся перамовы пра падаўжэнне санкцый, тэрмін дзеяння якіх першапачаткова заканчваўся 15 верасня, але быў пралангаваны на тыдзень.
Славакія настойвала на выключэнні Усманава, да гэтай пазіцыі пазней далучылася Францыя, спаслаўшыся на меркаванні нацыянальнай бяспекі, а Люксембург запатрабаваў выключыць Фрыдмана.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга раскрытыкаваў гэтае рашэнне, заявіўшы, што Усманаў і Фрыдман былі ўключаныя ў санкцыйны спіс праз іх сувязі з расійскім рэжымам, які вядзе вайну, і выказаў меркаванне, што прычын мяняць гэтае рашэнне няма. Ён таксама заявіў, што выключэнне мільярдэраў са спісу з’яўляецца непрымальным і пасылае Маскве няправільны сігнал тады, калі санкцыйны ціск варта ўзмацняць.
З фармулёўкай пра падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны еўрапейскія санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да 9 беларускіх юрыдычных асоб — ААТ “Пеленг”, Фонду Аляксея Талая, ААТ “2566 завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення”, ААТ “Аршанскі авіярамонтны завод” (з 23 лютага 2024 года); БРСМ, ААТ “БелОМА” (з 24 чэрвеня 2024-га); ААТ “Інтэграл” — кіроўная кампанія холдынга “Інтэграл” (з 24 лютага 2025-га); ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў” (з 20 траўня 2025-га); ТАА “Ізавак” (з 15 чэрвеня 2026-га).
Акрамя таго, з гэтай жа прычыны ў ім фігуруе каля 60 грамадзян Беларусі, сярод якіх кіраўніцтва Мінабароны, Генеральнага штаба Узброеных сіл, асобных вайсковых часцей; прадстаўнікі Савета бяспекі, кіраўнікі прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу; кіраўнікі аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры, выкарыстанай у вайсковай дзейнасці; асобныя людзі, звязаныя з ідэалагічнай апрацоўкай незаконна вывезеных украінскіх дзяцей.
Шырокія абмежаванні супраць беларускага абароннага і вайскова-тэхналагічнага сектара дзейнічаюць у рамках асобнага санкцыйнага рэжыму (Regulation 765/2006 / Decision 2012/642/CFSP) і падаўжаюцца асобна. У папярэдні раз Савет ЕС падоўжыў яго 26 лютага 2026 года — да 28 лютага 2027-га.

- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваНа патрабаванне ўладаў Польшчы за мінулы тыдзень краіну пакінула 19 грамадзян Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 21 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства


