Мінск 20:28

Віншуючы Пуціна з правядзеннем выбараў у Дзярждуму, Лукашэнка адзначыў “беспрэцэдэнтную актыўнасць мільёнаў выбаршчыкаў”

Ілюстрацыйнае фота: Element5 Digital / unsplash.com

21 жніўня, Позірк. “Беспрэцэдэнтная актыўнасць мільёнаў выбаршчыкаў і пацверджаная партыяй “Адзіная Расія” канстытуцыйная большасць у Дзяржаўнай думе — годны адказ на цынічныя спробы звонку дыскрэдытаваць кампанію, унесці раскол у еднасць расійскае грамадства”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні, адрасаваным прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну.

У пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, сцвярджаецца, што вынікі выбараў “пераканаўча дэманструюць прыхільнасць расіян да вызначанага Уладзімірам Пуціным курсу на стабільнае развіццё Расіі — упэўненай у сваіх сілах дзяржавы, адкрытай да партнёрства і супрацы”.

Лукашэнка лічыць, што “абноўлены склад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, абраныя найвышэйшыя службовыя асобы суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, дэпутаты ўсіх узроўняў зробяць значны ўнёсак у саюзнае будаўніцтва і рэалізацыю маштабнага інтэграцыйнага парадку дня” Мінска і Масквы.

У той жа час расійскі праваабарончы праект “ОВД-Инфо” паведаміў пра сотні выпадкаў ціску і парушэнняў падчас выбараў у Дзярждуму, якія праходзілі 18–20 верасня. Зафіксаваныя факты нядопуску і выдалення назіральнікаў з участкаў, абмежавання іх перамяшчэння, відэаздымкі і назірання за падлікам галасоў; затрыманняў і гвалту, пагроз кандыдатам і назіральнікам; прымусу работнікаў і студэнтаў да галасавання ды інш.

Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што выбары ў Дзярждуму прадэманстравалі “працяглую і ўсё больш глыбокую эрозію дэмакратыі ў Расіі”. Кампанія праходзіла “ва ўмовах усё больш аўтарытарнага палітычнага асяроддзя”.

“Расійскія ўлады працягнулі ўзмацняць сістэматычныя і інстытуцыяналізаваныя рэпрэсіі як унутры краіны, так і па-за яе межамі, каб не дапусціць дэмакратычныя апазіцыйныя сілы да аспрэчвання існага становішча спраў, — адзначыла яна. — Рашэнне не дапусціць кандыдатаў ад партыі “Яблоко” да ўдзелу ў выбарах па федэральным спісе яшчэ больш абмежавала выбар расійскіх выбаршчыкаў, выключыўшы з выбарчага працэсу адну з апошніх апазіцыйных сіл, якія засталіся, і адзіную партыю з антываеннай платформай”.

У заяве адзначаецца, што ЕС “шкадуе пра рашэнне РФ не запрашаць назіральнікаў АБСЕ на гэтыя выбары”. Гэта рашэнне, на думку Калас, “стала яшчэ адной праявай пагарды Расійскай Федэрацыі да абавязацельстваў, узятых на сябе ўсімі дзяржавамі — удзельніцамі АБСЕ, і пазбавіла расійскіх выбаршчыкаў і інстытуты магчымасці атрымаць бесстароннюю і незалежную ацэнку гэтых выбараў”.

Акрамя таго, Брусель “безумоўна асуджае незаконную арганізацыю Расійскай Федэрацыяй так званых выбараў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а менавіта ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопалі, а таксама ў асобных частках Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей”.

Чакаецца, што Цэнтрвыбаркам РФ прадставіць канчатковыя вынікі выбараў 25 верасня. Пасля апрацоўкі 95% бюлетэняў партыя ўлады “Адзіная Расія” набірае 57,83%, КПРФ — 13,81%, ЛДПР — 8,97%, “Новыя людзі” — 7,06%.

Падзяліцца: