Мінск 19:50

Рыжанкоў накіраваўся ў Нью-Ёрк на мерапрыемствы Генасамблеі ААН

Архіўнае відэа: медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"

21 верасня, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў накіраваўся ў Нью-Ёрк “для ўдзелу ў мерапрыемствах сегмента высокага ўзроўню” Генеральнай Асамблеі ААН, паведаміла 21 верасня прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Чакаецца, што чыноўнік выступіць на пасяджэнні Генасамблеі.

У рамках яго візіту таксама анансаваныя “запуск перагаворнага працэсу па праекце Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”, двухбаковыя сустрэчы, перамовы з кіраўніцтвам ААН; удзел у “тэматычных мерапрыемствах на палях сегмента высокага ўзроўню Генасамблеі ААН” ды інш.

20 верасня паведамлялася, што дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская накіравалася ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах Генасамблеі. “Наперадзе тыдзень высокага ўзроўню Генасамблеі ААН, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Гэта заўсёды вельмі насычаныя дні, калі ў адным месцы збіраюцца сусветныя лідары і можна за некалькі дзён правесці дзясяткі, а то і сотні важных размоў. Таму ў мяне наперадзе шмат сустрэч”.

Паводле слоў Ціханоўскай, у Нью-Ёрку яна будзе казаць “пра вызваленне палітвязняў, пра падтрымку беларусаў, пра бяспеку і незалежнасць Беларусі”. “Вельмі важна нагадваць: калі свет абмяркоўвае будучыню нашага рэгіёна, Беларусь не можа заставацца проста радком побач з Расіяй. Мы маем свой голас і свае інтарэсы”, — падкрэсліла дэмлідар.

Раней “Позірк” паведамляў, што 21 верасня на палях тыдня высокага ўзроўню Генасамблеі ААН пройдзе міністэрскае мерапрыемства, прысвечанае пагрозе, якую Беларусь прадстаўляе для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

Мерапрыемства правядуць Еўрапейскі саюз і Латвія сумесна з Эстоніяй, Ірландыяй, Літвой, Польшчай, Швецыяй і Украінай.

Сярод іншага ўдзельнікі мерапрыемства абмяркуюць “зменлівыя наступствы палітыкі рэжыму Лукашэнкі для бяспекі, уключаючы прымяненне транснацыянальных рэпрэсій супраць грамадзян Беларусі за мяжой”.

Чакаюцца выступленні генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД) Кайсы Оленгрэн, міністра замежных спраў Латвіі Байбы Бражэ, міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі, кіраўніка МЗС Літвы Кястуціса Будрыса, намесніка міністра замежных спраў Польшчы і дарадцы прэм’ер-міністра Польшчы па нацыянальнай бяспецы Роберта Купецкага ды інш.

Паведамлялася, што ў рамках мерапрыемства адбудзецца брыфінг Ціханоўскай.

Улады Беларусі і РФ маюць намер правесці напрыканцы верасня ў Нью-Ёрку сустрэчу па "запуску перагаворнага працэсу" пра Еўразійскую хартыю

10 верасня, Позірк. Прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі правялі 10 верасня кансультацыі "па тэматыцы еўразійскай бяспекі і распрацоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі", паведамляе прэс-служба беларускага МЗС. Адзначаецца, што бакі падсумавалі вынікі "праведзенай у 2026 годзе …
Падзяліцца: