Мінск 21:30

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Нарвегіі супрацоўніцтва ў рамках Паўночна-Балтыйскай васьмёркі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

8 лістапада, Позірк. Супрацоўніцтва ў рамках Паўночна-Балтыйскай васьмёркі абмеркавалі ў Осла 8 кастрычніка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Нарвегіі Эспен Барт Эйдэ.

Пра гэта “Позірку” паведаміў галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, на сустрэчы абмяркоўваліся намаганні па вызваленні палітвязняў, і, у прыватнасці, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Таксама бакі абмяняліся думкамі аб працы Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі, у які Нарвегія раней ахвяравала каля 10 млн крон (каля 850 тыс. еўра), а таксама праграмы падтрымкі незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, беларускіх культурных ініцыятыў.

Ціханоўская паведаміла Эйдэ падрабязнасці звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) з нагоды “трансгранічных злачынстваў” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і заклікала Нарвегію падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Дэмлідар таксама абмеркавала з кіраўніком нарвежскага МЗС “пытанні легалізацыі беларусаў”, “выдачы праязных дакументаў, відаў на жыхарства, а таксама міжнароднай абароны”, адзначыў Вячорка. Палітык, паводле яго слоў, “згадала некалькі канкрэтных выпадкаў, калі беларусы сутыкнуліся з праблемамі легалізацыі ў Нарвегіі”. Дарадца падкрэсліў, што МЗС “сочыць за гэтымі справамі”.

Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу на “важнасць міжнародных санкцый”, адзначыўшы, што яны “павінны абмяжоўваць рэжым і закрываць яму шчыліны для абыходу абмежаванняў, але не закранаць сумленных беларусаў”.

Вячорка паведаміў таксама пра сустрэчу дэмлідара з віцэ-спікерам нарвежскага парламента Мортэнам Вольдам, на якой абмяркоўвалася кампанія па падтрымку Бяляцкага, спрашчэнне легалізацыі беларусаў за мяжой, “падтрымка праграм умацавання беларускай ідэнтычнасці”.

7 кастрычніка стала вядома, што Нарвегія ўвяла санкцыі супраць Беларусі “ў адказ на ролю і ўдзел беларускага рэжыму ў нападзе Расіі на Украіну ў парушэнне міжнароднага права”. Абмежаванні “адпавядаюць мерам, прынятым ЕС супраць Беларусі 29 чэрвеня 2024 года” і носяць “ўсёабдымны характар”: накіраваны на некалькі сектараў беларускай эканомікі, уключаючы гандаль, сферу паслуг і транспарт.

Ціханоўская некалькі разоў наведвала Нарвегію, апошні раз — у красавіку гэтага года. Тады было абвешчана аб фарміраванні Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі беларускім палітвязням. Афіцыйны Осла стаў першым, хто заявіў, што зробіць унёсак.

Паўночна-Балтыйская васьмёрка (Nordic-Baltic Eight, NB8) —рэгіянальны фармат супрацоўніцтва, у які ўваходзяць Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя і Эстонія. У рамках дадзенага фармату рэгулярна праходзяць сустрэчы прэм’ер-міністраў, міністраў замежных спраў і спікераў парламентаў згаданых краін.

Падзяліцца: