Мінск 20:14

Афіцэры на зборы пад Барысавам развіваюць “лідарскія якасці”

Фота: Мінабароны

9 кастрычніка, Позірк. Паўночна-заходняе аператыўнае камандаванне (ПЗАК) Узброеных сіл праводзіць на 227-м агульнавайсковым палігоне “Барысаўскі” (Мінская вобласць) збор з афіцэрамі прызыву, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Мерапрыемствамі кіруе камандуючы ПЗАК генерал-маёр Аляксандр Бас.

Задачамі збору Мінабароны называе “праверку і ўдасканаленне падрыхтоўкі афіцэраў”, а таксама “развіццё лідарскіх якасцяў і навыкаў для выканання службовых абавязкаў у адпаведнасці са штатна-службовым прызначэннем”.

Афіцэры “вывучаюць тэорыю кіравання і адпрацоўваюць практычныя навыкі”, адзначае ведамства.

8 кастрычніка паведамлялася аб размяшчэнні ў Беларусі 10 пунктаў навядзення авіяцыі ў рамках праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл. Паводле слоў начальніка Генеральнага штаба — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі, у рамках першага этапу праверкі УС “адпрацаваныя пытанні процідзеяння авіяцыі праціўніка, адбіцця ўдараў сродкаў паветранага нападу і вырашэння іншых задач па прыкрыцці”.

Пра пачатак чарговага этапу праверкі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл Мінабароны паведаміла 30 верасня.

Адзначалася, што “асноўны акцэнт” праверкі будзе зроблены на “гатоўнасці і здольнасці выконваць задачы па прызначэнні воінскімі часцямі і падраздзяленнямі” Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны.

6 кастрычніка паведамлялася, што ў праверцы боегатоўнасці ўдзельнічаюць вайскоўцы, прызваныя з запасу.

Пазней стала вядома, што 8–11 кастрычніка пад кіраўніцтвам кіраўнікоў абласных выканкамаў пройдуць заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці, якія будуць накіраваныя на “павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фарміравання тэрытарыяльных войск”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: