Мінск 05:50

Лукашэнка атрымаў ордэн з рук Пуціна і паабяцаў “ніколі не адварочвацца ад Расіі”

Фота: тэлеграм-канал "Пул Першага"

9 кастрычніка, Позірк. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін уручыў 9 кастрычніка Аляксандру Лукашэнку ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага, гэта адбылося падчас візіту апошняга ў Маскву, паведамляюць расійскія СМІ.

Адзначаецца, што Пуцін пажадаў “роднаму беларускаму народу” “міру, стабільнасці і росквіту”. Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што “заўсёды будзе стаяць на варце агульных інтарэсаў Расіі і Беларусі”.

“Беларусь ніколі не адварочвалася ад Расіі, хоць яе шмат разоў ставілі перад выбарам”, — сказаў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што разглядае ўзнагароду “як прызнанне заслуг усяго беларускага народа, які паслядоўна ўмацоўвае адзінства з брацкай Расіяй”. “Для нашай краіны Расія заўсёды была і будзе больш, чым суседняя дзяржава”, — дадаў ён.

Паводле слоў ардэнаносца, “беларусы, украінцы, расіяне, растуць ад аднаго кораня”, таму Расія і Беларусь цяпер разам вядуць “барацьбу за справядлівы свет”, стаяць “у авангардзе гэтай жорсткай і вельмі сур’ёзнай барацьбы”.

Ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага ўзнагароджваюцца “вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, ваеначальнікі, выбітныя прадстаўнікі навукі, культуры, мастацтва і розных галін эканомікі за выключныя заслугі, якія спрыяюць росквіту, велічы і славе Расіі, забеспячэнню яе нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту”. Могуць быць узнагароджаныя “за выдатныя заслугі перад Расійскай Федэрацыяй кіраўнікі замежных дзяржаў”. Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага мае знак і зорку.

Аб узнагароджанні Лукашэнкі ордэнам стала вядома 30 жніўня. У адпаведным указе Пуціна гаварылася, што ўзнагарода прызначаная “за выдатныя заслугі ў развіцці адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаванні дружалюбных сувязяў паміж расійскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэнне і эфектыўную дзейнасць Саюзнай дзяржавы”. У дакуменце Лукашэнка названы “прэзідэнтам Рэспублікі Беларусія”.

Пуцін пасля выбараў 2020 года, вынікі якіх не прызнала сусветная супольнасць, стаў практычна адзіным саюзнікам Лукашэнкі. Апошні пасля падаўлення пратэстаў і жорсткіх рэпрэсій, якія працягваюцца ўжо чатыры гады, у сваю чаргу стаў саўдзельнікам расійскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны, прадаставіўшы Расіі для нападу тэрыторыю Беларусі. Абодва знаходзяцца пад шматлікімі санкцыямі.

Цяперашняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна стала восьмай з пачатку года.

Падзяліцца: