Мінск 19:33

У Саудаўскай Аравіі кіраўнік КДК Беларусі абмяняецца досведам укаранення штучнага інтэлекту ў сферу кантролю

Ілюстрацыйнае фота: Igor Omilaev / unsplash.com

14 кастрычніка, Позірк. Абмен досведам “па ўкараненні найноўшых тэхналогій і штучнага інтэлекту ў кантрольную дзейнасць” адбудзецца падчас распачатага візіту старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю (КДК) Васіля Герасімава ў Саудаўскую Аравію.

Прэс-служба ведамства паведамляе, што ў рамках візіту беларускі чыноўнік сустрэнецца з прэзідэнтам Генеральнага падліковага суда Хусамам Бен Абдулмахсенам Аль-Ангары, з якім ён пазнаёміўся ў чэрвені на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.

Асноўнай мэтай візіту заяўленая “рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей аб актывізацыі прафесійнай супрацы паміж ведамствамі ў двухбаковым і шматбаковым фарматах, а таксама правядзенне перагавораў аб падпісанні мемарандума аб супрацы”.

Акрамя таго, запланаваныя сустрэчы Герасімава з прадстаўнікамі Упраўлення лічбавага ўрада Саудаўскай Аравіі.

27 верасня на сустрэчы са студэнтамі інжынерна-тэхнічных ВНУ Мінска Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што пры аналізе інфармацыі і прыняцці рашэнняў не звяртаецца па дапамогу да якіх-небудзь сістэм або штучнага інтэлекту.

“Я баюся, каб гэты штучны інтэлект не прывёў да таго, што мы ў палоне ў яго будзем”, — адзначыў Лукашэнка. На яго думку, “будзе катастрофай”, калі ў выніку развіцця тэхналогій чалавецтва “апынецца па-за справамі”.

“Мяне гэта вельмі хвалюе і насцярожвае”, — сказаў Лукашэнка. У той жа час ён прызнаў, што без сучасных тэхналогій “не абысціся”.

Падзяліцца: