Мінск 05:21

Лукашэнка ўхваліў праект пратакола аб фарміраванні бюджэту ШАС

Фота: yuz.uz

15 кастрычніка, Позірк. Праект пратакола аб зменах у пагадненне аб парадку фарміравання і выканання бюджэту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) ухваліў сваім указам 14 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“Дакументам пераглядаюцца долевыя ўнёскі дзяржаў — членаў ШАС у бюджэт гэтай арганізацыі. Памер унёску вызначаецца на аснове прынцыпу долевага ўдзелу бакоў, а Беларусь 4 ліпеня 2024 года стала паўнапраўным, дзясятым членам ШАС”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што падпісаны Лукашэнкам указ паслужыць “у якасці асновы для правядзення перамоваў” па праекце пратаколу. На гэтыя перамовы Лукашэнка ўпаўнаважыў урад, дазволіўшы яму “ўносіць змены, якія не маюць прынцыповага характару”.

Пагадненне аб бюджэце ШАС дзейнічае з 1 снежня 2017 года.

Дакументы аб уступленні Беларусі ў ШАС падпісаныя 4 ліпеня ў Астане (Казахстан).

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створаная ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе заснаванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да арганізацыі далучыліся Індыя, Іран, Пакістан.

Падзяліцца: