Мінск 21:51

Беларусь з дапамогай ШАС разлічвае актывізаваць транзіт тавараў у ЕС — Галоўчанка

Архіўнае фота: прэс-служба ўрада

16 кастрычніка, Позірк. Беларусь як краіна Еўропы “здольная і гатовая арганічна дапаўняць супрацоўніцтва” ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у сферах эканомікі і бяспекі, для гэтага дзяржава выкарыстае свой “транзітны, прамысловы і навуковы патэнцыял”.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы 16 кастрычніка на 23-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін — членаў ШАС у Ісламабадзе (Пакістан), паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

Праз Беларусь, паводое яго слоў, “ідуць важныя транспартныя калідоры з Азіі ў Еўропу”, таму Мінск гатовы “усяляк прасоўваць тэму транспарту і лагістыкі”.

Беларусь “зацікаўленая ў падключэнні да развіцця агульнай транспартна-лагістычнай прасторы ШАС, у тым ліку шляхам стымулявання міжнародных аўтамабільных, чыгуначных, марскіх, мультымадальных перавозак, паскарэння і лічбавізацыі працэдур кантролю, выбудоўвання і асваення транспартнага калідора “Поўнач — Поўдзень”, сказаў прэм’ер.

“Развіццё новых схем лагістыкі, стварэнне эфектыўных транспартных калідораў, ліквідацыя залішніх бар’ераў для перавозак сёння актуальныя як ніколі”, — падкрэсліў Галоўчанка, не згадаўшы, як на лагістыку ўплываюць санкцыі і закрыццё шэрагу памежпераходаў на мяжы Беларусі з ЕС.

Галоўчанка заявіў, што Мінск валодае “досведам міратворчай дзейнасці і шматбаковай дыпламатыі”, згадаўшы ў гэтым кантэксце, што Беларусь з’яўляецца “адным з вядучых сусветных вытворцаў угнаенняў (“Беларуськалій” і Беларуская калійная кампанія ўключаныя ў шосты санкцыйны пакет ЕС з 2022 года. — “Позірк”.). Усё гэта, паводле яго сцвярджэння, “стварае перадумовы для паспяховага ўзаемадзеяння ў сферы харчовай бяспекі”.

Спікер адзначыў таксама “добры вопыт і кампетэнцыі” Беларусі ў ІТ-сферы.

Галоўчанка традыцыйна раскрытыкаваў уведзеныя ў дачыненні да Беларусі санкцыі, заявіўшы, што заходнія краіны, “злоўжываючы дамінуючым становішчам у многіх сферах эканомікі і фінансаў”, уводзяць “неправамерныя аднабаковыя абмежаванні, перашкаджаючы развіццю непажаданых ім дзяржаў”.

“Сёння траціна краін ШАС знаходзяцца пад жорсткім санкцыйным прэсінгам, праз які пакутуюць і эканомікі, і ўзровень жыцця насельніцтва”, — дадаў чыноўнік.

Адказам на такія дзеянні, на яго думку, можа стаць актывізацыя працы “па стварэнні Банка развіцця і Фонду развіцця ШАС, якія могуць быць выкарыстаныя ў тым ліку для фінансавання розных праектаў у сферы ўстойлівага развіцця”.

“Беларусь выступае за стварэнне вялікага еўразійскага партнёрства, спалучэнне Еўразійскага эканамічнага саюза і ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”, а таксама фарматаў Еўразійскага эканамічнага саюза, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў самым шырокім кантэксце”, — адзначыў Галоўчанка.

Паводле яго сцвярджэння, “да спалучэння інтэграцыйных фарматаў у мэтах устойлівага развіцця” членаў ШАС падштурхоўвае “глабальная турбулентнасць, крызіс сістэм арганізацыі грашовых адносін і гандлёвых разлікаў, крытычнае змяненне суадносін сіл у міжнароднай эканамічнай сістэме”.

Прэм’ер, акрамя гэтага, прапанаваў “у мэтах актывізацыі гандлю” паміж краінамі — членамі арганізацыі “стварыць біржавы саюз для садзейнічання уніфікацыі падыходаў у сферы арганізаванай біржавога гандлю і развіцця ўласнай сістэмы цэнавых індыкатараў”. На яго думку, гэта дазволіць “у пэўнай меры стабілізаваць цэны на рынках краін — членаў, павысіць узаемны біржавы тавараабарот і справядлівае цэнаўтварэнне на тавары і паслугі”. Беларусь “у выпадку прынцыповай падтрымкі партнёраў” гатовая выступіць “ініцыятарам такога механізму”.

У заключэнні выступоўца акцэнтаваў увагу “на важнасці захавання міру і бяспекі ў еўразійскім рэгіёне”, адзначыўшы, што “канфлікты і нестабільнасць нясуць эканамічныя страты, скарачэнне інвестыцый і зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва”.

“Усе рашэнні па пытаннях забеспячэння міру, бяспекі, будаўніцтва агульнай будучыні павінны прымацца з улікам меркавання глабальнай большасці, а не вузкага клуба заходніх дзяржаў”, — заявіў прэм’ер, не згадаўшы, што Беларусь з’яўляецца саюзнікам Расіі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны.

Беларусь інтэгравалася ў ШАС амаль 15 гадоў: у 2010 годзе атрымала статус партнёра арганізацыі, у 2015-м — назіральніка. У ліпені 2022 года Мінск падаў заяўку на ўступленне ў ШАС. У верасні паведамлялася, што пачалася працэдура надання Беларусі статусу паўнапраўнага чальца.

Дакументы аб уступленні Беларусі ў ШАС былі падпісаныя сёлета 4 ліпеня ў Астане (Казахстан).

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створанач ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе заснаванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да арганізацыі далучыліся Індыя, Іран, Пакістан.

Падзяліцца: