Мінск 18:32

Лукашэнка хоча камерцыялізаваць вынікі працы беларускіх палярнікаў

Скрыншот: відэаматэрыял НАН Беларусі

17 кастрычніка, Позірк. Пытанне камерцыялізацыі вынікаў працы беларускіх палярнікаў узняў Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з навукоўцамі і ўдзельнікамі антарктычных экспедыцый.

Начальнік экспедыцый — намеснік кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Гайдашоў, паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, паведаміў, што ва ўмовах Антарктыды “выпрабоўваюцца складаныя прыборы, многія з якіх лепшыя за замежныя аналагі, а некаторыя наогул не маюць аналагаў у свеце”.

Палярнікі прадэманстравалі “комплекс для рэгістрацыі геафізічных сігналаў, спектрометр MARS-B, паглыбны фатометр, сонечны спектральны альбедометр, комплекс мабільных метэаралагічных станцый, паглыбны батыскаф, кампанентную базу лідара” ды інш.

“Літаральна праз тыдзень выпраўляецца ўжо 17-я Беларуская антарктычная экспедыцыя, — сказаў Лукашэнка. — Гэта сведчыць пра паспяховасць праекта, які стаў такім жа стратэгічна важным, як будаўніцтва, напрыклад, Беларускай атамнай станцыі, запуск касмічных спадарожнікаў, палёт у космас”.

Спікер адзначыў, што Беларусь мае ў Антарктыдзе ўласную навукова-даследчую станцыю “Гара Вячэрняя” з “паўнавартаснай інфраструктурай, сучаснымі навуковымі лабараторыямі”, дзе рэалізаваныя “самыя перадавыя тэхналагічныя рашэнні”.

“Мы маем сур’ёзны навуковы, вытворчы патэнцыял, — перакананы ён. — Абсталяванне, якое выкарыстоўваецца, распрацаванае намі для выкарыстання ў экстрэмальных умовах, асобныя ўстаноўкі ёсць унікальнымі і не маюць аналагаў у свеце. Нам трэба навучыцца не толькі іх выкарыстоўваць, але і рэалізоўваць — усё павінна прыносіць грошы. Жыццё такое”.

Апрабаваныя ў Антарктыцы тэхналагічныя і канструктарскія рашэнні і матэрыялы, на думку Лукашэнкі, “было б нядрэнна выкарыстоўваць у розных галінах унутры краіны”. Ён “прапанаваў падумаць”, як даследаванні беларускіх палярнікаў могуць быць “ужо цяпер прымененыя ў рэальным сектары эканомікі”.

“Гэта будзе садзейнічаць развіццю кампетэнцый і сумежных напрамкаў, стымуляваць высокатэхналагічныя вытворчасці”, — сцвярджае спікер.

Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, што Беларусь працягвае “актыўна ўзаемадзейнічаць з іншымі краінамі ў справе засваення Антарктыды”, асабліва цяпер, калі “складаная геапалітычная абстаноўка патрабуе пошуку новых кірункаў супрацы, прыняцця эфектыўных рашэнняў для прасоўвання стваральных ініцыятыў”.

У прыклад ён чакана прывёў супрацу з Расіяй, якая, паводле яго слоў, “не раз станавілася прадметам абмеркавання на найвышэйшым узроўні”. “Падтрымка будзе аказвацца. Ды яна і зараз аказваецца, прэтэнзій да Расіі няма. Усялякая будзе падтрымка. Натуральна, трэба працаваць разам, трэба дзяліцца вынікамі даследаванняў і гэтак далей”, — сказаў Лукашэнка.

Навуковыя дасягненні ў тым ліку ў засваенні “палярных рэгіёнаў” ён назваў “важным інструментам міжнароднай дыпламатыі”.

Лукашэнка мае намер "павольна-павольна шкуру дзерці" з навукоўцаў за вынікі працы

11 кастрычніка, Позірк. Навукоўцы павінны "даваць вынік", гэта тычыцца "навуковай сферы ў цэлым", заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка падчас паездкі ў Шклоўскі раён (Магілёўская вобласць). "Я чаму вас катую так? Таму што мы з вас, навукоўцаў, пачнем павольна-павольна, па-народнаму кажучы, шкуру дзерці, …
Падзяліцца: