Мінск 20:27

“Белінвестбанк” выдзеліць 12 бальніцам у агульнай складанасці 840 тыс. рублёў на набыццё абсталявання

Электрахірургічны генератар
Ілюстрацыйнае фота: сайт прадпрыемства "Інтэграл"

17 кастрычніка, Позірк. Пагадненне аб падаўжэнні праекта “Здароўе ў кожны рэгіён — 2024” падпісалі міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў і старшыня праўлення “Белінвестбанка” Алег Казарэдаў, паведаміла 17 кастрычніка прэс-служба Мінздароўя.

У рамках праекта, які цягнецца другі год, банк выдзеліць у агульнай складанасці 840 тыс. рублёў (каля 254 тыс. долараў па актуальным курсе) на набыццё электрахірургічных генератараў для 12 бальніц у Лунінцы, Століне (Брэсцкая вобласць), Глыбокім, Полацку (Віцебская вобласць), Мазыры, Рэчыцы, (Гомельская вобласць) Навагрудку, Лідзе (Гродзенская вобласць), Барысаве, Маладзечне (Мінская вобласць), Горках і Касцюковічах (Магілёўская вобласць). У сярэднім кожная бальніца атрымае 70 тыс. рублёў (каля 21 тыс. долараў).

Электрахірургічныя генератары выкарыстоўваюцца пры эндаскапіі, яны пастаўляюць высокачастотны электрычны ток. Прымяняюцца для выдалення наватвораў у страўніку і тоўстай кішцы, спынення крывацёкаў, выдалення камянёў з жоўцевых пратокаў. Аснашчэнне раённых бальніц дазволіць палепшыць якасць аказання меддапамогі, заяўляе Мінздароўя.

“Мы працуем сёння над рэалізацыяй даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія тычацца даступнасці і якасці аказання меддапамогі на вёсцы. Наш бюджэт фармуецца такім чынам, каб усе магчымасці, якія сёння неабходныя для аказання гэтай дапамогі, былі рэалізаваныя”, — падкрэсліў Хаджаеў.

Казарэдаў у сваю чаргу падкрэсліў, што мэта праекта — удасканаленне аказання меддапамогі ў рэгіёнах.

Варта адзначыць, што электрахірургічныя генератары ў Беларусі вырабляе прадпрыемства “Інтэграл”, якое знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза. На сайце прадпрыемства пазначана, што кошт абсталявання залежыць ад умоў паставак. Электрахірургічны ультрагукавы генератар вытворчасці ЗША на рынку Расіі каштуе каля 50 тыс. рублёў у эквіваленце.

Раней Беларусь атрымлівала значную міжнародную падтрымку сістэмы аховы здароўя. Супраца з Беларуссю ў выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі была прыпыненая амаль па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і дапамогаю афіцыйнага Мінска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Выступаючы ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) 24 траўня 2022 года, Дзмітрый Піневіч, які тады ўзначальваў Мінздароўя, заклікаў СААЗ садзейнічаць пастаўкам медыкаментаў і медабсталявання ў Беларусь, а таксама падаўжэнню міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Толькі ў рамках праекта ініцыятывы “Салідарнасць у імя здароўя”, які фінансаваўся Еўрасаюзам, з сакавіка 2020 года па сакавік 2022-га Беларусі было выдзелена 5,3 млн долараў.

Рэанімацыйная служба была істотна мадэрнізаваная за кошт рэалізацыі праекта Сусветнага банка “Экстраннае рэагаванне на COVID-19” з фінансавай падтрымкай у памеры 90 млн еўра. Гэты праект дапаўняў доўгатэрміновую падтрымку СБ па ўмацаванні сістэмы аховы здароўя Беларусі, часткай якой быў праект “Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. У рамках гэтага праекта краіна ў 2017 годзе атрымала пазыку ў памеры 125 млн долараў на запыт урада.

З 2013 па 2018 год у Беларусі рэалізоўваўся праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка дзіцячага траўматызму ў Рэспубліцы Беларусь”. У 2013 годзе Беларусь атрымала грант міжнароднай тэхнічнай дапамогі па прафілактыцы дзіцячага траўматызму ў Беларусі на 2013–2015 гады.

З 2017 года прафілактыка траўматызму стала часткай мерапрыемстваў праекта “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (БЕЛМЕД), які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам і рэалізаваўся ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА.

Згодна са справаздачай па праекце, Беларусь атрымала ад Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) пазыку ў памеры 125 млн долараў. Былі рэалізаваныя мерапрыемствы і набыта абсталявання на суму каля 80 млн долараў. У 2022 годзе ў сувязі з саўдзелам Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны праект быў прыпынены.

17 кастрычніка 2022 года Сусветны банк перавёў усе пазыкі МБРР, нададзеныя Беларусі або гарантаваныя ёю, у статус плацяжоў, якія не абслугоўваюцца праз пратэрміноўку.

На 14 кастрычніка 2022 года пратэрмінаваныя плацяжы Беларусі, якія належаць МБРР, складалі 68,43 млн долараў. Непагашаная асноўная сума па пазыках МБРР — 967 млн долараў.

У траўні 2021 года, калі супраца яшчэ ажыццяўлялася, а дапамога надавалася, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў СААЗ, Еўрасаюз і ЗША ў тым, што яны не дапамаглі прафінансаваць антыкавідныя меры ў Беларусі.

“Апошнія мярзотнікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам, абсалютна. Хоць і СААЗ, і ААН увесь час заяўляюць, што трэба падтрымаць некага ды іншае”, — сказаў ён.

Падзяліцца: