Мінск 04:06

Больш за 60 вайскоўцаў атрымалі раненні на мяжы з Беларуссю з пачатку года — Мінабароны Польшчы

Ілюстратыўнае фота: Памежная ахова Польшчы

21 кастрычніка, Позірк. З пачатку года на мяжы з Беларуссю раненні атрымалі 63 польскія вайскоўцы, паведаміла 21 кастрычніка Gazeta Wyborcza са спасылкай на намесніка міністра нацыянальнай абароны Польшчы Паўла Бэйду.

Паводле яго слоў, у рамках распачатай 1 жніўня аперацыі “Бяспечнае Падляшша” на дапамогу пагранічнікам, якія нясуць службу на мяжы з Беларуссю накіравана 5 тыс. польскіх ваеннаслужачых, яшчэ 800 знаходзяцца ў рэзерве.

Пры гэтым у выпадку пагаршэння сітуацыі з бяспекай армія “можа адправіць у бой да 17 тыс. чалавек, 9 тыс. могуць быць адпраўлены на мяжу з усім сваім рыштункам і зброяй на працягу 48 гадзін”, адзначыў намеснік кіраўніка абароннага ведамства Польшчы.

Ён таксама паведаміў, што цягам апошніх трох тыдняў назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці незаконных спроб перасячэння польска-беларускай мяжы. Цяпер яно застаецца на ўзроўні 60 спроб у дзень, але, паводле слоў Паўла Бейды, “варта ўлічваць, што ўзровень міграцыйнага ціску можа ўзрасці ў наступныя месяцы”.

26 верасня віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што пасля ліпеня, які быў “спакойным месяцам”, і жніўня, калі колькасць спроб нелегальных пераходаў беларуска-польскай мяжы была не такой вялікай, верасень прынёс іх павелічэнне.

Паводле звестак Касіняка-Камыша, з 1 па 26 верасня было здзейснена каля 2,5 тыс. спроб перасячы мяжу Польшчы з боку Беларусі, а ўсяго за 2024 год — 26 тыс.

Польскае войска распачало аперацыю “Бяспечнае Падляшша” 1 жніўня. Адзначалася, што ў аперацыі бяруць удзел да 17 тыс. вайскоўцаў, з іх 8 тыс. знаходзяцца непасрэдна каля мяжы, астатнія — у стратэгічным рэзерве. Такім чынам, апошнія заявы польскага абароннага ведамства паказваюць, што анансаваная раней колькасць удзельнікаў аперацыі была скарэкціравана ў бок змяншэння.

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам аператыўных звестак польскай пагранічнай службы, па стане на 17 кастрычніка Польшча спыніла 27.771 спробу нелегальнага пранікнення на сваю тэрыторыю праз беларускую мяжу, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года назіраецца рост на 23,5% (з 22.489).

За 1–17 кастрычніка гэтага года Польшчай спынена 909 згаданых спроб — на 17,1% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (1.096).

6 чэрвеня стала вядома аб смерці ваеннаслужачага 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 мая на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітэк падвергся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Гл. таксама (на рускай мове):

Белорусам в Польше нечего бояться. Кроме последствий внутриполитических разборок

Падзяліцца: