Мінск 21:54

Рыжанкоў назваў “марай” сяброўства Беларусі ў БРІКС

Фота: gazeta.ru

22 кастрычніка, Позірк. Сяброўства ў арганізацыі БРІКС з’яўляецца “марай” афіцыйнага Мінска, заявіў 22 кастрычніка ў інтэрв’ю пракрамлёўскаму агенцтву “РІА Навіны” міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Інтэрв’ю апублікаванае 22 кастрычніка — у першы дзень працы саміту БРІКС у Казані (РФ).

“Наколькі я разумею, у цяперашні час, каб не размыць, напэўна, і не дэвальваваць нейкія рэчы, звязаныя з сяброўствам у арганізацыі, сябрамі БРІКС вызначана развесці пытанні сяброўства, партнёрства і нейкага чакання супрацоўніцтва з арганізацыяй”, — сказаў Рыжанкоў.

“Дзяржава, якая сапраўды хоча стаць сябрам БРІКС, павінна пацвердзіць сваімі справамі, сваімі магчымасцямі, сваёй нацэленасцю, палітычнай воляй на працягу таго тэрміну, пакуль яна будзе партнёрам, свой намер для таго, каб потым быў кансэнсус па прыняцці яго ў сябры арганізацыі”, — дадаў чыноўнік.

Сёння, паводле яго слоў, Беларусь чакае атрымання статусу партнёра БРІКС, што “дае права прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах арганізацыі, удзельнічаць у розных механізмах, гандлёва-эканамічных, фінансавых інструментах, у гуманітарных праектах, нейкіх палітычных”. “Але ў фармаце партнёраў. Так, без права вырашальнага голасу”, — удакладніў кіраўнік МЗС.

Паводле яго сцвярджэння, “як раз цяпер у Казані і выпрацоўваюцца крытэрыі, робяцца апошнія штрыхі: што гэта будзе за статус, якія ў партнёра будуць прэферэнцыі ў супрацоўніцтве, чым ён будзе не дацягваць да статусу сябра”.

“Мы лічым, што ў сілу свайго палітычнага і эканамічнага развіцця мы маем права разлічваць на ўдзел у гэтым праекце. Практычна па ўсіх палітычных пытаннях мы з’яўляемся аднадумцамі з тымі краінамі, якія ўваходзяць у БРІКС. <…> З усімі ў нас роўныя, добрыя адносіны, з многімі — нават тыя, што выходзяць на ўзровень стратэгічнага партнёрства”, — адзначыў Рыжанкоў.

Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фарміравання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнага супрацоўніцтва. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.

У 2011-м садружнасць БРІК была перайменаваная ў БРІКС, паколькі да яго далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Republic of South Africa).

З пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” у назве апускаюць), паколькі да яе афіцыйна далучыліся Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет, Эфіопія і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.

Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю летась.

У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 верасня прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіу Лулу да Сілву з Днём незалежнасці, заявіў аб “вялікай важнасці фармату БРІКС” для забеспячэння “адказнага і канструктыўнага сусветнага партнёрства” і анансаваў асабістую сустрэчу з ім на палях саміту арганізацыі.

Аднак 20 кастрычніка стала вядома, што бразільскі лідар не прыедзе ў Казань у сувязі з атрыманай у сваёй рэзідэнцыі траўмай галавы і возьме ўдзел у мерапрыемстве па відэасувязі.

Падзяліцца: