Мінск 16:14

Нягледзячы на візіт Шведа, Арменія не выдала Мінску беларуса Баландзіна

Фота: армянская служба "Радыё Свабода"

22 кастрычніка, Позірк. Грамадзянін Беларусі Кірыл Баландзін не будзе экстрадзіраваны на запатрабаванне Мінску, яму прадастаўлены ў Арменіі статус уцекача, паведамляе армянская служба “Радыё Свабода”.

Рашэнне прынятае Службай міграцыі і грамадзянства МУС Арменіі.

Баландзін быў затрыманы ў сакавіку гэтага года ў сувязі з запытам Беларусі, гэта адбылося на КПП “Баграташэн” на мяжы Арменіі і Грузіі. Паводле інфармацыі адваката мужчыны Ані Чацінян, 31 траўня Генеральная пракуратура Арменіі прыняла рашэнне выдаць 36-гадовага Баландзіна Беларусі. Гэтае рашэнне было аспрэчана ў армянскіх судах, але беспаспяхова.

На радзіме Баландзін абвінавачваецца ў “растраце”. Гаворка аб арт. 211 КК (прысваенне альбо растрата).

Паводле слоў адваката, Баландзін у кастрычніку быў пераведзены з пенітэнцыярнай установы горада Ванадзор у аналагічную ўстанову Ерэвана, што магло азначаць яго экстрадыцыю “ўжо найбліжэйшым часам”.

У армянскай пракуратуры паведамілі, што Генеральная пракуратура Беларусі дала гарантыі абароны яго правоў і свабод.

Абаронай інтарэсаў Баландзіна ў Арменіі займаецца ванадзорскі офіс праваабарончай арганізацыі “Хельсінкская грамадзянская асамблея”. Армянскія і беларускія праваабаронцы не сумняваюцца, што ў выпадку экстрадыцыі правы мужчыны будуць парушаныя ў яго краіне. Паводле іх пераканання, Баландзін можа быць прыцягнуты ў Беларусі да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Раней Чацінян заявіла, што экстрадыцыя беларуса можа быць скасаваная, калі Служба іміграцыі і грамадзянства МУС дасць яму прытулак. Адпаведная заява ў службу была накіраваная.

3 кастрычніка 2024 года генеральны пракурор Андрэй Швед, паводле інфармацыі беларускага ведамства, на сустрэчы з армянскай калегай Ганнай Вардапецян, абмеркаваў пытанне выдачы Беларусі суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах. Генпракуратура Арменіі ў паведамленні пра візіт Шведа абмеркаванне пытання выдачы асоб не згадала.

Сёлета Арменія некалькі разоў адмовілася выдаваць людзей на запыт беларускага боку.

2 верасня грамадзянка Беларусі Дыяна Майсеенка была затрымана пры перасячэнні мяжы паміж Грузіяй і Арменіяй. Мінск аб’явіў Майсеенку ў вышук як абвінавачаную паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Беларуску некалькі гадзін пратрымалі ў аддзяленні паліцыі, а потым адпусцілі без прад’яўлення якіх-небудзь прэтэнзій.

2 лютага пры перасячэнні гэтай жа мяжы быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады аб’явілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Новікаў быў змешчаны пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён звярнуўся па палітычны прытулак. У маі Арменія надала Новікаву статус бежанца.

У чэрвені ў Арменіі атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.

Падзяліцца: