Мінск 20:52

Урад на паўгода падоўжыў ліцэнзаванне экспарту льновалакна

23 кастрычніка, Позірк. Яшчэ на паўгода працягваецца ліцэнзаванне экспарту льновалакна. Гэта прадугледжана пастановай урада ад 18 кастрычніка № 779.

Дакумент апублікаваны 23 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Вывозіць ільновалакно беларускай вытворчасці ў дзяржавы — члены Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама ў краіны, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, праз мытную працэдуру экспарту можна па разавых ліцэнзіях, што выдаюцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненню з аблвыканкамамі.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі для атрымання ліцэнзіі “павінны падаць у аблвыканкам заяву ў адвольнай форме з указаннем вытворцы льновалакна, прапанаванага аб’ёму вывазу, інфармацыі аб наяўнасці прапанаванага да рэалізацыі аб’ёму льновалакна на складах, краіны яго прызначэння, умоў пастаўкі і яе аплаты, а таксама заяву аб выдачы ліцэнзіі (у двух экзэмплярах) і копію знешнегандлёвага кантракта (дагавора) на пастаўку льновалакна на экспарт”.

Ліцэнзіі выдаюцца па ўзгадненню з канцэрнам “Беллегпрам”, які мае права адмовіць у выдачы, калі існуе “неабходнасць задавальнення патрэбнасці на ўнутраным рынку ў ільновалакне, а таксама невыкананне ў адпаведнай галіне графіка пастаўкі льновалакна для дзяржаўных патрэб”.

Міністэрству замежных спраў даручана паведаміць Еўразійскай эканамічнай камісіі аб увядзенні меры нетарыфнага рэгулявання.

Ліцэнзаванне экспарту льновалакна было ўведзена ў сакавіку 2023 года, пасля чаго рэгулярна працягвалася.

Падзяліцца: