Мінск 01:32

Трэнера беларускіх фігурыстаў не ўпусцілі ў Расію — яна грамадзянка Украіны

Крыніца: sanindusa-shop.ru

23 кастрычніка, Позірк. Трэнера беларускіх фігурыстаў Таццяну Бяляеву не ўпусцілі на тэрыторыю РФ, гэта адбылося ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева, куды каманда прыбыла з Мінска для перасадкі на рэйс у Магнітагорск, паведамляе выданне “Спорт-Экспрэс”.

Адзначаецца, што Бяляева трэніруе беларускі юніёрскі танцавальны дуэт Вікторыі Пласконнай і Уладзіслава Сыціка. У Магнітагорску будзе праходзіць “Гран-пры Расіі” па фігурным катанні.

У публікацыі звяртаецца ўвага, што трэнер — грамадзянка Украіны. Бяляева пераехала ў Беларусь з Адэсы ў 2005 годзе. У 2023-м яе ўпусцілі на спаборніцтвы ў РФ “пасля доўгіх праверак у аэрапорце”.

“Я ведала, што грамадзяне Украіны доўга праходзяць расійскую мяжу, летась я правяла 12 гадзін у Шарамецьеве. Мы да такога былі гатовыя, вырашылі на тры дні паляцець у [падмаскоўную] Балашыху да [расійскіх трэнераў] Дзяніса Самохіна і Марыі Баравіковай, у іх выдатная каманда. Каб гэтыя спецыялісты паглядзелі рабят напярэдадні спаборніцтваў, у спакойным рэжыме перажыць чаканы ў дарозе стрэс — і далей на Урал. Рабяты прайшлі мяжу, паехалі ў гатэль засяляцца. А мяне ў гэтым годзе наогул не прапусцілі!” — сказала Бяляева.

Паводле слоў трэнера, яе пратрымалі сем гадзін у аэрапорце і выдалі паперу аб “выправаджэнні” з тэрыторыі Расіі.

“Мне было сказана, што да заканчэння СВА (“спецыяльнай ваеннай аперацыі” — так у Расіі называюць развязаную Крамлём вайну супраць Украіны. — “Позірк”.) нават не спрабуйце ўязджаць у Расію, гэта марна. Я перажыву, але спартсмены ў гэтай сітуацыі пакутуюць больш за ўсё, а ў іх цяпер і так складаны перыяд. Калі ўсё пачыналася ў 2022-м, мне паступалі прапановы папрацаваць за мяжой, на Захадзе, з’ехаць. Але я, як чалавек, адданы сваёй справе і спартсменам, засталася тут, каб працягваць займацца развіццём танцаў на лёдзе ў Беларусі. У і без таго складанай абстаноўцы пакідаць спартсменаў без падтрымкі настаўніка няправільна”, — заявіла трэнер.

Грамадзяне Украіны, старэйшыя за 14 гадоў, якія жадаюць трапіць у Расію праз тэрыторыю трэціх краін, змогуць гэта зрабіць толькі праз маскоўскі аэрапорт Шарамеццева. Адпаведнае распараджэнне ўрад Расіі прыняў год таму. Згодна з дакументам, у аэрапорце ўкраінцаў чакае праверка дакументаў, анкета, сумоўе і іншыя праверкі.

Падзяліцца: