Мінск 03:25

“Камісія Шведа” разгледзіць шэраг заяў аб памілаванні палітвязняў

Фота: Генеральная пракуратура

24 кастрычніка, Позірк. Спецыяльная камісія пад кіраўніцтвам генеральнага пракурора Андрэя Шведа разгледзіць шэраг заяў аб памілаванні палітвязняў, вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 23 кастрычніка ў інтэрв’ю BBC.

Інтэрв’ю прайшло ў Казані на палях саміту БРІКС, частку адказаў на пытанні апублікавала прэс-служба Лукашэнкі.

Паводле яго слоў, згаданай камісіі пастаўлена задача “разам з папраўчымі органамі вывучыць справы грамадзян, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”.

“Я схільны да таго, каб людзі, якія ўсвядомілі, зразумелі і не парушаюць парадак там, і паводзяць сябе годным чынам (не трэба спяваць оду мне), разгледзець гэтыя пытанні [аб памілаванні]. Без Захаду, запомніце. Вы для мяне не маеце ніякага значэння ў плане вызвалення маіх людзей”, — сказаў Лукашэнка.

17 кастрычніка стала вядома, што Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы “камісіі Шведа” — яна зможа разглядаць заявы асоб, якія пражываюць у Беларусі.

Камісія па “разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў” была створаная пасля нарады ў Лукашэнкі 24 студзеня 2023 года. Адпаведны ўказ ён падпісаў 6 лютага.

26 студзеня 2024 года Генеральная пракуратура паведаміла, што ў камісію паступіла 150 заявак.

“Кіраўніком дзяржавы падтрыманая прапанова аб прадаўжэнні працы нашай камісіі яшчэ на адзін год, — сказаў тады Швед. — Адпаведны праект указа намі падрыхтаваны і ўнесены прэзідэнту. Чакаем рашэння”.

Колькі чалавек з дапамогай камісіі вярнулася ў Беларусь, невядома. Масавай з’явай гэта не стала.

З 3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 115 чалавек.

У месцах несвабоды на сёння застаецца 1.300 чалавек, прызнаных палітвязнямі.

Падзяліцца: