Мінск 00:21

З сектара Газа эвакуяваная беларуска з трыма дзецьмі

Скрыншот: відэаматэрыял у тэлеграм-канале тэлеканала АНТ

24 кастрычніка, Позірк. З сектара Газа эвакуяваная грамадзянка Беларусі і яе трое дзяцей, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Ведамства назвала групу “вялікай беларуска-палестынскай сям’ёй Абуалкас”.

Да эвакуацыі прыцягнулі беларускіх дыпламатаў, “прадстаўнікоў шэрагу профільных ведамстваў краіны”, а таксама “партнёраў з Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа”. Адзначаецца, што былі задзейнічаныя амбасады Беларусі ў Ізраілі, Сірыі, Егіпце і Расіі.

Дыпламаты “асабіста ажыццяўлялі суправаджэнне, падтрымлівалі суайчыннікаў маральна і фізічна, аказвалі садзейнічанне ў афармленні дакументаў, пераходзе КПП на палестына-ізраільскай і ізраільска-іарданскай межах, вырашэнні многіх іншых арганізацыйных пытанняў”.

Звяртаючыся да беларусаў, якія знаходзяцца ў краінах са “складанай ваенна-палітычнай абстаноўкай”, знешнепалітычнае ведамства заклікала “не чакаць закрыцця паветранай прасторы, не даводзіць да крытычнага моманту” і вяртацца ў Беларусь.

“МЗС робіць усё магчымае і немагчымае для суайчыннікаў у крытычных сітуацыях, але не заўсёды дапамога можа падаспець своечасова! Памятайце пра гэта!” — гаворыцца ў паведамленні.

7 кастрычніка 2023 года на тэрыторыю Ізраіля з сектара Газа ўварваліся баевікі ваеннага крыла руху ХАМАС. Адначасова з Газы пачаўся інтэнсіўны ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі. У выніку тэрарыстычнага нападу ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс.

У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю. Міністэрства аховы здароўя Газы (дзейнічае пад кантролем ХАМАС) заяўляе, што з кастрычніка мінулага года забіта каля 42 тыс. чалавек, у выніку ізраільскай аперацыі паранена каля 97 тыс. Паводле даных мінздароўя Палестынскай аўтаноміі, якія ААН лічыць сапраўднымі, больш за 39% забітых у Газе — мужчыны прызыўнога ўзросту, 19% — жанчыны, 32% — непаўналетнія, больш за 8% — людзі сталага веку (ад 60 і больш). Ізраіль заяўляе, што з пачатку вайны ў Газе ліквідавана або ўзята ў палон каля 14 тыс. баевікоў і іх камандзіраў (ХАМАС прызнае гібель прыкладна 6 тыс. баевікоў).

Паводле даных ААН, каля 1,7 млн жыхароў сектара Газы было вымушана пакінуць свае дамы. 1,3 млн перамешчаных жыхароў Газы пражывае ў сховішчах на поўдні сектара.

Падзяліцца: