БРІКС можа “наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду”, заяўляе Лукашэнка
24 кастрычніка, Позірк. “Геаграфічнае становішча ў цэнтры Еўропы, досвед і дасягненні дазваляюць з упэўненасцю казаць пра тое, што Беларусь стане яшчэ адным важным пазлам у вобразе будучыні нашай арганізацыі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на саміце БРІКС у фармаце “аўтрыч/плюс” у Казані (Расія).
На яго думку, “за невялікі паводле гістарычных мерак перыяд аб’яднанне стала цэнтрам прыцягнення”. “Менавіта з ім усё больш і больш краін звязваюць сваё ўяўленне пра справядлівае светаўладкаванне, — адзначыў спікер. — Такое светаўладкаванне, дзе забяспечваецца роўнасць суверэнных дзяржаў, незалежна ад іх памераў, вайсковай і эканамічнай моцы, дзе прызнаецца права кожнага самастойна вызначаць ідэалогію развіцця і праводзіць незалежную знешнюю палітыку”.
Назваўшы БРІКС “супольнасцю будучыні”, палітык заявіў, што “паводле свайго патэнцыялу яна можа наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду, які аказаўся няздольным несці адказнасць за цывілізаванае развіццё міжнародных стасункаў”.
“У сілах дзяржаў — удзельніц БРІКС, зрабіць так, каб рэальныя рычагі ўплыву перайшлі ў сілы прагрэсіўнай сусветнай большасці”, — мяркуе Лукашэнка.
Улады ў Мінску, паводле яго слоў, цалкам падзяляюць “філасофію БРІКС”. “Беларусь ідзе да вас з канкрэтнымі ідэямі і праектамі, якія павінны садзейнічаць вырашэнню агульначалавечых праблем. Мы гатовыя стаць актыўным удзельнікам аб’яднання”, — звярнуўся спікер да ўдзельнікаў саміту.
Прадставіўшы Беларусь як “традыцыйна адказнага і эфектыўнага партнёра”, Лукашэнка заявіў, што яе ўдзел у БРІКС “пашырае межы магчымасцей аб’яднання, робячы яго больш універсальным і ўсёабдымным”.
Лукашэнка акрэсліў некалькі напрамкаў, у рэалізацыі якіх, на яго думку Беларусь можа “адыграць пэўную ролю”. Такімі ён лічыць бяспеку, устойлівае развіццё, барацьбу з голадам і наступствамі змены клімату, гуманітарную сферу.
“У Беларусі высокі ўзровень узаемадзеяння і даверныя стасункі абсалютна з абсалютнай большасцю краін, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць у гэтай зале, — сказаў ён. — З многімі мы маем ужо доўгую гісторыю паспяховай супрацы. Цяпер мы можам дапоўніць нашыя напрацоўкі на двухбаковым трэку новымі напрацоўкамі і дасягненнямі ў інтэграцыйным фармаце”.
“Мінск пацвярджае поўную гатоўнасць да паўнапраўнага членства ў нашай арганізацыі”, — дадаў спікер.
Лукашэнка прыбыў на саміт БРІКС 23 кастрычніка, у другі дзень форума. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 22 кастрычніка заявіў, што членства ў гэтай арганізацыі з’яўляецца “марай” афіцыйнага Мінска.
Сёння, паводле яго слоў, Беларусь чакае атрымання статусу партнёра БРІКС.
Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фармавання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнай супрацы. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.
У 2011-м садружнасць БРІК была перайменавана ў БРІКС, паколькі да яе далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Republic of South Africa).
Ад пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+ (часта “+” у назве апускаюць), паколькі да яе афіцыйна далучыліся Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет, Эфіопія і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.
Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю летась.
У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаУ Беларусі чакаецца рэкорд наведвання санаторыяў замежнікамі па выніках 2024 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаЕАБР прагназуе запаволенне росту эканомікі Беларусі ў найбліжэйшыя гады (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда гандлю таварамі за год вырасла на 57,4% і перавысіла 3,5 млрд долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 4 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства