Мінск 22:18

МЗС Польшчы асудзіў “праявы гераізацыі” беларускіх уладаў

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Польшчы

24 кастрычніка, Позірк. Стаўленне афіцыйнай Варшавы да “любой формы прапаганды або ўсхвалення ўладаў дзяржавы, якая ў значнай ступені нясе адказнасць за міграцыйны крызіс, відавочна негатыўнае”. Такім чынам МЗС Польшчы, паводле інфармацыі мясцовых медыя, адрэагаваў на апублікаваныя польскім акцёрам і экс-тэлевядучым Яраславам Якімовічам кампліментарныя відэаролікі і паведамленні пра Беларусь і яе ўлады пасля паездкі ў краіну.

“Мы асуджаем праявы гераізацыі ўладаў у Мінску, якія шырока прымяняюць жорсткія рэпрэсіі не толькі ў дачыненні да ўласнага грамадства, але і ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі, у тым ліку А. Пачобута, які застаецца пад вартай”, — гаворыцца ў каментарыі.

Якімовіч наведаў Мінск, Брэст, Гродна, Старыя Васілішкі (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці). У паведамленнях на сваіх старонках у сацыяльных сетках ён сярод іншага раіў “закрыць раты” тым, хто ніколі не быў у Беларусі, і “не расказваць яму бздуры” пра гэтую краіну. У каментарыях ён адмаўляў факт таго, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца дыктатарам.

Як адзначала беларускае медыя “Мост”, Якімовіч “прадэманстраваў разнастайнасць асартыменту ў крамах, мірныя вечары на гарадскіх вуліцах і ва ўстановах, а таксама сфатаграфаваўся на стрэльбішчы пад Мінскам”. “Яўны пасыл яго ролікаў у тым, каб разбурыць негатыўнае ўяўленне пра рэжым Лукашэнкі”, — гаварылася ў матэрыяле.

Улады суседніх з Беларуссю краін ЕС неаднаразова заклікалі сваіх грамадзян устрымлівацца ад паездак у Беларусь з меркаванняў бяспекі.

6 траўня стала вядома, што ў Беларусь з Польшчы збег цяпер ужо былы суддзя 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт. Паводле яго сцвярджэння, “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў”. Ён нібыта “зазнаваў пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю”. 10 чэрвеня акруговы суд Варшавы выдаў ордар на арышт Шмыта, які падазраецца ў супрацы з беларускімі спецслужбамі.

17 снежня 2021 года Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі вайсковец Эміль Чэчка папрасіў палітычнага прытулку ў краіне, паколькі “не згодны з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу і практыкай негуманнага абыходжання з мігрантамі”. Ён заяўляў пра нібыта масавыя расстрэлы мігрантаў сваімі саслужыўцамі. Беластоцкая акруговая пракуратура выдала ордар на арышт Чэчкі, яму пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі. 17 сакавіка 2022 года мужчына быў знойдзены павешаным у мінскай кватэры.

Падзяліцца: