Мінск 02:20

Урад Вялікабрытаніі “ўважліва сочыць” за зваротам Літвы ў МКС па Беларусі

24 кастрычніка, Позірк. Урад Вялікабрытаніі ўважліва сочыць за перадачай Літвой справы беларускіх уладаў у Міжнародны крымінальны суд (МКС). Пра гэта гаворыцца ў адказе парламенцкага намесніка дзяржаўнага сакратара (у Злучаным Каралеўстве дзяржаўныя сакратары з’яўляюцца членамі Кабінета міністраў і ўзначальваюць міністэрствы. — “Позірк”.) Вялікабрытаніі Джэні Чэпмен, апублікаваным на сайце брытанскага парламента.

“Мы цесна супрацоўнічаем з Літвой і іншымі міжнароднымі партнёрамі, каб прыцягнуць беларускія ўлады да адказу за жахлівае падаўленне правоў чалавека ў гэтай краіне”, — адзначаецца ў адказе.

Падкрэсліваецца, што ў Вялікабрытаніі “адданыя больш шырокім мерам па забеспячэнні падсправаздачнасці, у тым ліку шляхам фінансавання Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі, якая збірае і захоўвае доказы злачынстваў, учыненых беларускім рэжымам”.

30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МКС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 траўня 2020 года і па цяперашні час супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі на загад высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераслед і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.

Пра поўную падтрымку звароту Літвы ў МКС 3 кастрычніка заявіла Міністэрства замежных спраў Польшчы. МЗС Латвіі 21 кастрычніка таксама падтрымала зварот.

Падзяліцца: