Мінск 22:38

Лукашэнка хоча “аб’яднацца і вярнуцца да нармальнай працы” з чэхамі

Прага
Ілюстрацыйнае фота: Anthony Delanoix / unsplash.com

28 кастрычніка, Позірк. Адметнай каштоўнасцю “канструктыўнай супрацы” Беларусі і Чэхіі, гісторыя якой “налічвае многія дзесяцігоддзі”, заўсёды былі “кантакты паміж людзьмі самых розных прафесій, узросту, веравызнання і сацыяльнага статусу”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 28 кастрычніка чэхаў з Днём абвяшчэння незалежнасці чэхаславацкага народа.

На яго думку, “штучныя бар’еры, створаныя цяперашнімі заходнімі палітыкамі пад лозунгамі дэмакратызацыі і абароны нацыянальных інтарэсаў, не маюць нічога агульнага з рэальнымі надзённымі клопатамі насельніцтва”.

Беларусы, падкрэсліў Лукашэнка, “ніколі не стваралі пагрозы для каго б там ні было”.

“Галоўнай мэтай для нас заўсёды з’яўлялася захаванне міру і згоды ў агульным еўрапейскім доме, — прыводзіць тэкст паслання прэс-слуба віншавальніка. — Гэтага можна дасягнуць толькі без дыктату, ультыматумаў і нелегальных абмежаванняў, прызнаючы права кожнай нацыі на самавызначэнне і выбар свайго шляху развіцця”.

“Веру, у хуткім часе мы зможам аб’яднацца і вярнуцца да нармальнай працы, рэалізаваць канкрэтныя праекты ў эканамічнай і гуманітарнай галінах”, — дадаў Лукашэнка.

Улады Чэхіі знаходзяцца ў канктакце з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Святлана Ціханоўская неаднаразова наведвала гэтую краіну і сустракалася з яе палітычным кіраўніцтвам.

Чэхія з’яўляецца часткай Еўрапейскага саюза, які не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі летась увесну зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

21 траўня 2024 года беларускі ўрад абвясціў пра пашырэнне пераліку тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны, у які сярод іншага была ўключаная і чэшская прадукцыя.

На наступны дзень МЗС згадаў Чэхію ў ліку краін, якія ідуць на “разбурэнне дружалюбных сувязяў паміж народамі”, “бесперапыннае вынаходства новых абмежаванняў, распаўсюд дэзінфармацыі пра рэальную сітуацыю”, а таксама на падрыхтоўку “баевікоў і сілавых сцэнарыяў неканстытуцыйнага перавароту” ў Беларусі.

У апошнія гады Лукашэнка віншуе з рознымі святамі не кіраўніцтва, а народы “недружалюбных краін”. Сёлета, напрыклад, апрача чэхаў ён звяртаўся да шведаўфранцузаўнемцаўіспанцаў, аўстрыйцаў.

Падзяліцца: