Мінск 22:33

На мінулым тыдні Беларусь наведала ў 3,5 раза больш грамадзян і неграмадзян Латвіі, чым на папярэднім

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

28 кастрычніка, Позірк. З 21 па 28 кастрычніка Беларусь у бязвізавым парадку наведала 6.524 жыхары краін Еўропы (тыднем раней — 4.177), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

У асноўным рост выкліканы значным павелічэннем грамадзян і неграмадзян Латвіі, якія наведалі Беларусь, — з 861 да 3.007 (у 3,49 раза больш). Не выключана, што гэта звязана з нормай закона Латвіі, якая набывае моц 31 кастрычніка, аб забароне перамяшчэння аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі.

За тыдзень у Беларусь таксама накіравалася 2.237 грамадзян Літвы (1.953), 455 грамадзян Польшчы (456) і 825 грамадзян з ліку жыхароў 35 іншых еўрапейскіх дзяржаў з пашыранага пераліку (907).

Агулам Беларусь наведала на падставе бязвізу 991.295 жыхароў Еўропы. Сярод іх 310.416 грамадзян і неграмадзян Латвіі, 571.497 грамадзян Літвы, 99.625 грамадзян Польшчы, а таксама 9.757 грамадзян з краін, уключаных у спіс пашыранага бязвізу.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: