Мінск 20:57

За суткі ад агню сканалі тры пенсіянеры

Фота: МНС

1 лістапада, Позірк. За мінулыя суткі (з 6:00 31 кастрычніка да 6:00 1 лістапада) ад агню ў Беларусі сканалі тры чалавекі пенсійнага ўзросту, вынікае з інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У Дзяржынскім раёне (Мінская вобласць) на пажары загінуў жыхар вёскі Чэчына 1959 года нараджэння.

Ва ўстанове аховы здароўя ад траўмаў, атрыманых 10 кастрычніка пасля ўзгарання ў кватэры, памёр жыхар Касцюковічаў (Магілёўская вобласць) 1953 г.н. Адзначаецца, што прычынай пажару стала “неасцярожнасць пры курэнні”.

Цела мужчыны 1961 г.н. знойдзенае ў дачным доме на тэрыторыі садовага таварыства “Крынічка” каля аграгарадка Копці Віцебскага раёна.

Паводле звестак МНС, з пачатку года ў Беларусі адбыўся 5.171 пажар — на 7,5% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (4.812). Загінула 429 чалавек (374; +14,7%), у тым ліку 11 дзяцей (5, рост у 2,2 раза). Траўмавана 520 чалавек (449, +15,8%).

Падзяліцца: