Мінск 15:12

Паліцыя Малдовы расследуе факты арганізаванай дастаўкі электарата ў Мінск для галасавання на выбарах

Фота: "Мінск-Навіны"

3 лістапада, Позірк. Пра пачатак расследавання фактаў арганізаванай дастаўкі электарата для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах паведаміла Нацыянальная паліцыя Малдовы.

Адзначаецца, што такія факты фіксуюцца як за межамі краіны, так і “на нацыянальным узроўні”.

“Нацыянальныя ўлады праводзяць расследаванне і рэгіструюць доказы ў сувязі з дзейнасцю авіятранспарту з Расіі ў Беларусь, Азербайджан і Турцыю”, — гаворыцца ў заяве паліцыі.

Падкрэсліваецца, што арганізаваная перавозка людзей на выбарчы ўчастак у дзень выбараў у Малдове забароненая, за гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу.

“Такія меры прымаюцца для абароны цэласнасці выбарчага працэсу і забеспячэння таго, каб голас кожнага грамадзяніна выяўляўся свабодна, без ціску і неапраўданага ўплыву”, — адзначае паліцыя.

Раней улады Малдовы не раз выказвалі асцярогі, што ў працэс выбараў будзе ўмешвацца Расія.

Раніцай 3 лістапада з’явілася інфармацыя аб прыбыцці ў Беларусь для галасавання грамадзян Малдовы, якія пражываюць у РФ. Спачатку гаворка ішла пра дзясяткі чалавек, цяпер з паведамленняў дзяржСМІ вынікае, што лік можа ісці на сотні. Людзі прыбываюць у Мінск аўтобусамі і па паветры.

Таксама медыя паведамляюць аб дастаўцы выбаршчыкаў з Расіі ў Баку і Стамбул.

Малдаўскім грамадзянам, якія пражываюць у Расіі, можна прагаласаваць на выбарах у Маскве, дзе адкрытыя два выбарчыя ўчасткі.

У Мінску выбарчы ўчастак адкрыты ў амбасадзе Малдовы ў Мінску.

Другі тур выбараў прэзідэнта Малдовы праходзіць 3 лістапада. Кандыдаты — цяперашняя кіраўніца дзяржавы, прыхільніца еўраінтэграцыі Мая Санду (беспартыйная) і Аляксандр Стаяногла, які балатуецца ад Партыі сацыялістаў.

Санду ў першым туры 20 кастрычніка набрала 42,49% галасоў, Стаяногла — 25,95%.

На ўчастку ў Мінску ў першым туры прагаласавалі 203 чалавекі: за Санду — 42,86% (87), за Стаяногла — 32,02% (65).

У той жа дзень прайшло галасаванне на рэферэндуме за ўнясенне ў Канстытуцыю палажэння аб інтэграцыі краіны ў Еўрапейскі саюз.

У падтрымку ўступлення Малдовы ў ЕС выказалася 110 з 203 (54,2%) грамадзян краіны, якія знаходзіліся ў Беларусі і чые бюлетэні былі прызнаныя сапраўднымі, супраць — 93 (45,8%). Усяго ў галасаванні ўдзельнічала 205 чалавек. У амбасаду было завезена 2.000 бюлетэняў.

У цэлым грамадзяне Малдовы выказаліся за ўключэнне ў Асноўны закон пункта аб інтэграцыі краіны ў ЕС як стратэгічнай мэты (50,38%).

Падзяліцца: