Мінск 20:55

Галоўчанка і Мішусцін на саюзным Савеце міністраў абмяркуюць шматгадовую праблему роўмінгу

5 лістапада, Позірк. Тэма роўмінгу будзе абмеркаваная на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі 5 лістапада ў Мінску.

Паводле слоў прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, з моманту правядзення папярэдняга пасяджэння саюзнага Савета міністраў адбылася “значная колькасць сумесных мерапрыемстваў, сустрэч, перамоў на вышэйшым узроўні” (цытата з фрагмента відэазапісу выступлення на нарадзе з чыноўнікамі 4 лістапада, апублікаванага прэс-службай урада).

“Ключавой задачай урадаў Беларусі і Расіі сёлета стала рэалізацыя пакета рашэнняў, які быў прыняты на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета ў Санкт-Пецярбургу”, — адзначыў кіраўнік урада, падкрэсліўшы, што гэта “галоўны арыенцір у бягучым парадку Саюзнай дзяржавы”.

Галоўчанка паведаміў, што ў парадак дня маючага адбыцца пасяджэння Савета міністраў СД унесена больш за 20 пытанняў.

Паводле інфармацыі апарата ўрада РФ, будзе ўзгоднены “шэраг важных рашэнняў па далейшым паглыбленні інтэграцыі” дзвюх краін, якія плануецца вынесці на зацвярджэнне Вышэйшага дзяржсавета СД (запланаваны 5 снежня).

Бакі абмяркуюць”укараненне адзіных правілаў у галіне абароны правоў спажыўцоў, стварэнні камфортных тарыфаў для карыстальнікаў мабільнай сувязі, развіцці прыгарадных чыгуначных зносін”.

16 кастрычніка дзяржаўны сакратар СД, былы амбасадар РФ у Мінску Дзмітрый Мезенцаў заявіў, што прыблізныя тэрміны “заканчэння работ скасавання роўмінгу” паміж Беларуссю і РФ — “да канца года”.

Паводле яго меркавання, “ужо тое, што зроблена, — вельмі сур’ёзны вынік”.

“Цяпер перамовы ідуць перш за ўсё з нагоды інтэрнэт-кантэнту і вызначэння тых параметраў, якія будуць камфортныя для карыстальнікаў”, — сказаў чыноўнік.

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты 27 верасня заявіў, што на маючым адбыцца ў канцы года пасяджэнні ВДС працэс адмены роўмінгу можа быць запушчаны.

Сітуацыю з роўмінгам ён назваў “тэмай, якая перацякае з пасяджэння ў пасяджэнне”.

“Тым не менш дасягнута прынцыповая дамоўленасць, што лідары нашых краін на юбілейным пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета дадуць старт гэтаму праекту. Можа быць, у пілотным рэжыме, можа, у паўнавартасным рэжыме мы ўжо запусцім яго. Гэта дакладна, Гэта безапеляцыйна, практычна 100%”, — сказаў Круты.

Рэзалюцыя ВДС аб адмене роўмінгу была прынятая 30 чэрвеня 2017 года. З тых часоў прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў рэгулярна заяўляюць аб непазбежнай рэалізацыі праекта, але гэтага не адбылося дагэтуль.

У 2023 годзе расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адмененая толькі аплата ўваходных званкоў.

Аб планаванай адмене роўмінгу на тэрыторыі СД заявіў Уладзімір Пуцін сёлета 24 траўня пасля перамоваў у Мінску з Лукашэнкам.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер Урада РФ Дзмітрый Чарнышэнка паведаміў, што роўмінг паміж РФ і Беларуссю будзе адменены да канца года.

5 жніўня праблема абмяркоўвалася на сустрэчы амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка і Дзмітрыя Мезенцава.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дамову аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна звязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска Масквой.

На пасяджэнні ВДС у лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З тых часоў беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна даюць справаздачу аб паспяховым выкананні гэтых дакументаў, аднак застаюцца шматгадовыя рознагалоссі наконт механізмаў супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі.

Падзяліцца: