Мінск 03:06

Лукашэнка паабяцаў не трымаць уладу “растапыранымі рукамі”

Скрыншот: news.by

5 лістапада, Позірк. На нарадзе па пытаннях правядзення выбараў 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка “арыентаваў органы ўлады на тое, што падчас выбарчай кампаніі ў краіне нельга расслабляцца”, паведамляе яго прэс-служба.

У нарадзе ўдзельнічалі кіраўнікі сілавога блока, шэрагу міністэрстваў, рэгіёнаў, заканадаўчых органаў улады, а таксама кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты і старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка.

“Што тычыцца правакацый [перад выбарамі] — інфармацыйных, палітычных і іншых — [гэта] магчыма. Яны былі, ёсць і будуць. Проста не трэба расслабляцца: “Ах, у нас грамадства такое — гэтыя адмарожаныя самыя, яны збеглі і іншае…” Хапае ў грамадстве розных людзей. І расслабляцца тут нікому ні ў якім разе не трэба. Асабліва нам, органам улады на месцах. Трэба зыходзіць з горшага варыянту. Будзе лепш — ну і добра”, — сказаў Лукашэнка.

Ён традыцыйна згадаў магчымыя спробы апанентаў “разгайдаць сітуацыю”. “Яны ўжо выпрацоўваюць планы, як ім дзейнічаць. Праўда, у асноўным градус напружання ствараецца за межамі краіны. Яны разабрацца там не могуць, якую тактыку ім выпрацаваць. Думаю, падкажуць. Там жа разумных шмат вакол. І грошы дадуць на гэта”, — заявіў Лукашэнка.

“Але яны павінны разумець, — дадаў ён, — што проста так казаць у СМІ час сышоў. Яны гэта разумеюць. Таму яны гатовыя і да радыкальных дзеянняў”.

Паводле яго слоў, улада павінна быць гатовая да “адэкватных дзеянняў” у адказ.

“Усе павінны разумець, што мы ўжо спрактыкаваліся за гэтыя гады і разумеем, што ўладу растапыранымі рукамі не трымаюць. І мы не збіраемся гэта рабіць. Мы высновы з 2020 года зрабілі. Таму будзем дзейнічаць так, як гэта трэба нашай краіне і нашаму народу”, — сказаў Лукашэнка.

“Галоўнай дзеючай асобай” у выбарчы перыяд ён назваў кіраўніка ЦВК Карпенку. “Я прашу арыентавацца на яго. Усё, што ён папросіць, мы павінны дапамагчы. Але там, дзе не трэба ўмешвацца, не трэба бегчы наперадзе паравоза. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Менш будуць нас папракаць фактычна, што мы там ўмешваемся ў нейкія выбары”, — сказаў дадаў Лукашэнка.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ён заяўляў, што не трымаецца за ўладу “пасінелымі пальцамі”. Пазней гэтае выказванне стала інтэрнэт-мемам і выкарыстоўвалася прыхільнікамі перамен у Беларусі для шматлікіх жартаў.

Новыя прэзідэнцкія выбары пройдуць 26 студзеня 2025 года. Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп для ўдзелу ў іх скончыўся 1 лістапада. Усяго было зарэгістравана 7 груп, якія з 7 лістапада па 6 снежня будуць збіраць подпісы ў падтрымку (у парадку рэгістрацыі) Аляксандра Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава і Сяргея Сыранкова.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова, Юрыя Губарэвіча, Дзіяны Кавалёвай і Віктара Куляша.

23 кастрычніка беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы прызначэнне прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня заклікала “не паддавацца на падман”, бо “сапраўдных выбараў у Беларусі быць не можа”. “Пакуль кожны дзень арыштоўваюць не менш за 10 чалавек, тысячы людзей сядзяць у турмах па палітычных матывах, няма магчымасці вылучаць незалежных кандыдатаў, няма свабоды СМІ і захоўваецца старая сістэма фальсіфікацый”, — сказала яна.

“Гэта будуць “бязвыбары”, проста імітацыя, у якой выбаршчыкі будуць толькі статыстамі. Прызначэнне даты выбараў у такіх умовах — фармальны крок, які не мае ніякага сэнсу. Якая розніца, у які дзень адбудзецца падман, калі вынікі будуць вядомыя загадзя?” — адзначыла дэмлідар.

Беларускія дэмсілы заклікаюць беларускіх выбаршчыкаў прыйсці на выбары і прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў.

Пасля прызначэння даты выбараў праваабаронцы фіксуюць значную актывізацыю дзейнасці беларускіх сілавікоў, якія праводзяць рэйды па месцы жыхарства і працы беларусаў, якім-небудзь чынам заўважаных у пратэстнай дзейнасці ў 2020 годзе.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: