Мінск 06:25

Грамадзянін Беларусі абвінавачваецца ў Польшчы ў шпіянажы на карысць Мінска

Фота: АУБ

5 лістапада, Позірк. Аб перадачы ў суд матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненні да двух мужчын, якія абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысць беларускай выведкі, паведамляе Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ).

Адзначаецца, што фігурантамі справы з’яўляюцца 53-гадовы грамадзянін Беларусі Мікалай М. і 59-гадовы грамадзянін Польшчы Бернард Ш.

Паводле звестак польскай спецслужбы, мужчыны праводзілі выведку вайсковых аб’ектаў і аб’ектаў АУБ у Бяла-Падлясцы (горад недалёка ад мяжы з Беларуссю), а таксама займаліся “арганізацыяй каналаў сувязі з прадстаўнікамі беларускіх службаў”.

“Расследаванне, пачатае на падставе матэрыялаў, атрыманых службай вайсковай контрвыведкі [Польшчы], праводзілася супрацоўнікамі прадстаўніцтва АУБ у Любліне пад наглядам акруговай пракуратуры”, — гаворыцца ў рэлізе.

Паведамляецца, што затрыманыя “мелі шырокія кантакты, як камерцыйныя, так і сацыяльныя”. “Галоўны падазраваны нарадзіўся ў Львове, свабодна валодаў польскай мовай і лічыўся экспертам у галіне чыгуначнага транспарту”, — адзначае АУБ, не канкрэтызуючы, грамадзянінам якой дзяржавы ён з’яўляецца.

Пры гэтым у здзяйсненні больш цяжкіх злачынстваў абвінавачваецца беларус. Ён, як заяўляецца, у 2018–2023 гадах займаўся ў Бяла-Падлясцы выведкай “раёна вайсковага аэрапорта і аб’екта АУБ”, збіраў інфармацыю аб чыгуначнай інфраструктуры, перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, арганізоўваў “канал сувязі з прадстаўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі”.

Абвінавачанне грамадзяніну Беларусі выстаўленае паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Польшчы (шпіянаж — удзел у дзейнасці замежнай выведкі). Ён узяты пад варту.

Польскі грамадзянін абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 18 (дапамаганне) і ч. 1 арт. 130 КК.

Падкрэсліваецца, што абодва фігуранты прызналі сябе вінаватымі.

16 сакавіка 2023 года Марыюш Каміньскі, які займаў у той час пасаду міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, паведаміў, што АУБ затрымала дзевяць замежнікаў па падазрэнні ў супрацоўніцтве з расійскімі спецслужбамі.

Паводле слоў Каміньскага, доказы паказваюць на тое, што група займалася маніторынгам чыгуначных маршрутаў. “У яе задачы ўваходзіла выяўленне, маніторынг і дакументаванне паставак зброі, якія ажыццяўляюцца для Украіны, — заявіў чыноўнік. — Падазраваныя таксама рыхтаваліся да дыверсійных дзеянняў, накіраваных на тое, каб паралізаваць пастаўкі абсталявання, зброі і дапамогі Украіне”.

Прыкладна тады ж адзін з беларускіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў паведаміў, што трое затрыманых у Польшчы грамадзян Беларусі — Уладзіслаў Пасміцюха (1994 года нараджэння), Марыя Мядзведзева (2004) і Мікалай Маскаленка (1971). Былі апублікаваныя відэазвароты, як сцвярджалася, сваякоў затрыманых, якія заявілі пра сфабрыкаваны характар справы.

19 снежня 2023 года стала вядома, што Люблінскі акруговы суд вынес прыгавор 14 замежнікам, абвінавачаным у шпіянажы на карысць Расіі. Сярод іх трое грамадзян Беларусі. Ці быў сярод іх Маскаленка, не паведамлялася.

Усяго па справе праходзіла 16 абвінавачаных, справа дваіх была выдзеленая ў асобную вытворчасць. Абвінавачаны Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — шэсць гадоў пазбаўлення волі, абвінавачаная Марыя М. — найменшае пакаранне — год і месяц пазбаўлення волі, усе асуджаныя былі аштрафаваныя.

27 верасня гэтага года стала вядома, што ў рамках згаданай вышэй асобнай вытворчасці акруговы суд у Любліне прыгаварыў грамадзяніна Беларусі Уладзіслава П. да 2 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі.

Мужчына таксама быў аштрафаваны на 10 тыс. злотых (каля 2,8 тыс. долараў). Асобна з яго было спагнана 8,2 тыс. злотых (каля 2,1 тыс. долараў), атрыманых у якасці “аплаты за злачынную дзейнасць”. Яго таксама абавязалі выплаціць 5.000 злотых (1,3 тыс. долараў) у Фонд дапамогі пацярпелым.

Падзяліцца: