Мінск 22:01

У трох раёнах Беларусі ўведзеная забарона на наведванне лясоў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

30 красавіка, Позірк. Забарона на наведванне лясоў уведзеная 30 красавіка ў трох раёнах Беларусі — Бераставіцкім, Ваўкавыскім і Свіслацкім (усе ў Гродзенскай вобласці), сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

У гэтых раёнах абвешчаны 4-ы клас пажарнай небяспекі (высокая рызыка ўзнікнення лясных пажараў). Забарона цалкам выключае магчымасць уваходзіць у лясы.

Абмежаванні на наведванне лясоў (забаронена заязджаць на аўтамабілі і разводзіць вогнішчы, але дазволеныя пешыя прагулкі, збор ягад і грыбоў) дзейнічаюць у 70 раёнах краіны.

У Віцебскай вобласці (21 раён) яны ўведзеныя паўсюдна. У Мінскай абмежаванае наведванне лясоў у 16 ​​з 22 раёнаў — Бярэзінскім, Барысаўскім, Вілейскім, Валожынскім, Дзяржынскім, Клецкім, Крупскім, Лагойскім, Любанскім, Мінскім, Маладзечанскім, Мядзельскім, Нясвіжскім, Смалявіцкім, Салігорскім і Стаўбцоўскім.

Абмежаванні закранулі 11 з 21 раёна Гомельскай вобласці (Брагінскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рэчыцкі і Хойніцкі), а таксама 11 з 16 раёнаў Брэсцкай вобласці (Брэсцкі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Кобрынскі, Лунінецкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі і Столінскі).

У Магілёўскай вобласці абмежаванае наведванне лясоў у 8 з 21 раёна (Бялыніцкі, Горацкі, Дрыбінскі, Круглянскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі і Шклоўскі), а ў Гродзенскай — 3 з 17 (Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі).

У астатніх 45 раёнах краіны наведваць лясы можна вольна.

Падзяліцца: