Мінск 18:19

КДК мае прэтэнзіі да паловы праектаў ініцыятывы “Адзін раён — адзін праект”, заяўляе Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: pravo.by

30 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржаўнага кантролю мае прэтэнзіі да паловы праектаў ініцыятывы “Адзін раён — адзін праект” (109 з 217), заявіў Аляксандр Лукашэнка на профільнай нарадзе 30 красавіка.

“Урад справаздачыцца па агульным пераліку праектаў, не зазіраючы ў сутнасць як мае быць, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Таму нямала ўключаных у пералік фармальна, а ўся праца вядзецца толькі на паперы. Маюцца запланаваныя да рэалізацыі за кошт уласных або пазыковых сродкаў і без траплення ў гэты спіс”.

У якасці прыкладу ён прывёў узвядзенне транспартна-лагістычнага цэнтра ў Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) і арганізацыю вытворчасці катанізаванага льновалакна ў Ляхавіцкім раёне (Брэсцкая вобласць).

Акрамя таго, паводле яго слоў, КДК адзначае факты, калі ў “пералік уносіліся праекты, якія даўно рэалізуюцца або ўжо амаль гатовыя — то бок літаральна на фінішнай прамой”.

Шэраг праектаў фігуруе ў спісе “дзякуючы ўгаворам бізнесменаў” — паводле прынцыпу “ад вас не паменшае, а старшыні [райвыканкама] пойдзе ў залік”. “Што ўжо казаць пра факты, калі праекты далучаліся да ініцыятывы наогул без ведама суб’ектаў гаспадарання — яны толькі са справаздач уладаў перад СМІ даведваліся, што ў нечым паўдзельнічалі”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, для многіх інвестараў “умовы так і не створаныя”. “Не заўсёды даступнае фінансаванне, дарагое праектаванне, будаўніцтва і да таго падобнае, — канстатаваў спікер. — Прыкладна палова нашых старшыняў райвыканкамаў не здала гэты найважнейшы для іх іспыт… Я не бачу, што нашы органы ўлады, асабліва на ніжнім узроўні, старшыні райвыканкамаў, жывуць гэтай тэмай, рэальна ў яе пагрузіліся і літаральна змагаюцца за кожнае працоўнае месца, калі гэта неабходна ў канкрэтным раёне”.

У той жа час, падкрэсліў ён, у працы КДК “назіраецца пэўны перакос, якога не мае быць”: “Такое маецца, хай не ў [старшыні ведамства Васіля] Герасімава, а ў падначаленых, у іншых — прыйсці і паказаць сваю стараннасць. Вось мала не падасца ад гэтай стараннасці”.

Лукашэнка заявіў, што неабходна “бязлітасна ціснуць на хабарнікаў, прайдзісветаў, махляроў і тых, хто хоча разбурыць краіну”: “Тут ніякага прабачэння быць не павінна. Але хадзіць і заграбаць грабенчыкам усіх, каго трэба і каго не трэба ў краіне, ні ў якім разе нельга”.

У траўні 2022 года палітык заявіў, што кожнаму раёну краіны “патрэбны адзін нармальны праект на год”. “Вялікі, малы, але каб людзі бачылі нейкі рух і атрымалі працоўныя месцы”, — запатрабаваў ён. Праз год стала вядома, што ў рамках гэтага даручэння падрыхтавана 129 праектаў (верагодна, паводле колькасці адміністрацыйных адзінак — 118 раёнаў, 10 гарадоў абласнога падпарадкавання і сталіца).

У большай ступені рэалізацыя ініцыятывы “ажыццяўляецца адміністрацыйнымі метадамі”, заявіла ў інтэрв’ю Позірку старшы эксперт даследчага цэнтра Beroc Анастасія Лузгіна.

“Вядома, нельга казаць, што дэфіцыт працоўнай сілы існуе ва ўсіх рэгіёнах краіны. Існуюць, безумоўна, раёны, дзе людзі з розных прычын сапраўды не могуць знайсці працу. І дзе-нідзе стварэнне новага прадпрыемства можа даць штуршок развіццю, але гэта мае рабіцца не зверху ўніз, а наадварот. Не для галачкі, а з пункту гледжання рацыянальнасці”, — падкрэсліла суразмоўніца.

Сыход кадраў з некаторых раёнаў яна патлумачыла адсутнасцю адпаведнай інфраструктуры: “Людзі, асабліва маладыя, з’язджаюць з пасёлкаў і вёсак у гарады, бо там камфортней жыць, маецца магчымасць атрымліваць больш высокі заробак”.

Пры гэтым для многіх найбольш прывабным месцам для працы і жыцця застаецца Мінск, дзе “магчымасці вышэйшыя, чым нават у абласных цэнтрах”, канстатавала Лузгіна.

Падзяліцца: