Мінск 18:39

Рассельгаснагляд не прапусціў у Беларусь саджанцы суніц, з Беларусі — насенне газоннай травы і корм для сабак

Фота: Рассельгаснагляд

30 красавіка, Позірк. Аўтамабіль, які перавозіў 21 тыс. саджанцаў суніц з Адзінцова (Маскоўская вобласць Расіі) у Брэсцкую вобласць, быў затрыманы 28 красавіка ў Смаленскай вобласці РФ, паведамляе ўпраўленне Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях.

Паводле інфармацыі тэрытарыяльнага падраздзялення расійскага ведамства, машынай кіраваў грамадзянін Беларусі. Прычынай затрымання стала адсутнасць фітасанітарных сертыфікатаў.

29 красавіка аўтамашына была вернутая да месца адгрузкі, а беларус прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 10.2 КаАП РФ.

Тое ж рэгіянальнае ўпраўленне Рассельгаснагляду паведаміла 30 красавіка, што на мяжы з Беларуссю ў Бранскай вобласці была спыненая беларуская аўтамашына, якая перавозіла каля 8 тон насення газонных траў з Мінска ў Маскоўскую вобласць.

Пры праверцы высветлілася, што кіроўца не мае дакументаў, якія б пацвярджалі фітасанітарную бяспеку і якасць насення.

Лабараторная фітасанітарная экспертыза не выявіла ў адабраных узорах шкодных каранцінных арганізмаў, аднак далейшае перамяшчэнне грузу на тэрыторыю Расіі было спыненае. 29 красавіка насенне “вернутае адпраўніку на сумежную тэрыторыю”, перавозчык прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 10.2 КаАП РФ.

Паўночна-Заходняе рэгіянальнае ўпраўленне Рассельгаснагляду 30 красавіка паведаміла, што на расійска-беларускай мяжы ў Пскоўскай вобласці “праведзены ветэрынарны кантроль 4,5 т корму для непрадуктыўных жывёл (сабак), які перавозіўся з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

“Было высветлена, што на корм, што перавозіцца, адсутнічаюць ветэрынарныя суправаджальныя дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку тавару і яго паходжанне. Акрамя таго, з 23.03.2023 прыпыненая сертыфікацыя ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі (кармы для непрадуктыўных жывёл) ​​вытворчасці італьянскага прадпрыемства, заяўленага на маркіроўцы”, — паведаміла ведамства.

Адзначана, што “перамяшчэнне корму для хатніх гадаванцаў па мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза забароненае, аформлены акт на вяртанне грузу”. Тавар вернуты ў Беларусь.

Падзяліцца: