Мінск 10:27

Лукашэнка разлічвае на пашырэнне сувязяў з “брацкай Кубай”

26 ліпеня, Позірк. Ва ўмовах “беспрэцэдэнтнага шматгадовага знешняга ціску” Куба “паказала прыклад мужнасці і цвёрдасці духу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 ліпеня прэзідэнта гэтай краіны Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса з Днём нацыянальнага паўстання.

“Гераічная вытрымка і нястомная воля кубінцаў выклікаюць глыбокую павагу і шчырае прызнанне ў свеце”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, адносіны паміж Беларуссю і Кубай “заўсёды характарызаваліся высокім узроўнем адкрытасці, згоды і ўзаемаразумення”.

“Мінск, безумоўна, з’яўляецца адданым сябрам Гаваны. Менавіта на гэтым трывалым падмурку разлічваю на далейшае паслядоўнае развіццё і пашырэнне сувязяў з брацкай Кубай у рамках усіх наяўных магчымасцяў”, — гаворыцца ў віншаванні.

Куба — адна з бедных краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Пазіцыянуе сябе як сацыялістычная рэспубліка, адзіная партыя ў краіне — Камуністычная, апазіцыя пераследуецца.

Як і Беларусь, Куба знаходзіцца пад маштабнымі міжнароднымі санкцыямі. 23 ліпеня ЗША ў чарговы раз пашырылі абмежаванні, уключыўшы ў санкцыйныя спісы дзевяць кубінскіх кампаній і дзве фізічныя асобы.

Дыяс-Канэль, які таксама займае пасаду першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кубы, наведваў Беларусь напрыканцы чэрвеня — у якасці кіраўніка дзяржавы са статусам назіральніка ў ЕАЭС ён удзельнічаў у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце.

Той візіт, на думку Лукашэнкі, пацвердзіў “не толькі глыбіню міждзяржаўных адносін паміж дзвюма краінамі, але і асаблівую цеплыню чалавечых адносін”.

Гл. таксама:

Лукашэнка працягнуў дзейны з Кубай механізм узаемных паставак

Беларусь і Куба актывізуюць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва — ДВПК

Рыжанкоў выказаў “нязменную падтрымку брацкаму кубінскаму народу”

Падзяліцца: