Мінск 12:35

Грузінскі бок прынёс прабачэнні ў сувязі з аўтааварыяй у Батумі, у якой загінулі беларусы — МЗС

Фота: adjaratv.ge

26 ліпеня, Позірк. Грамадзяне Беларусі, якія пацярпелі ў дарожна-транспартным здарэнні ў Батумі, праходзяць лячэнне ў грузінскіх медустановах, паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на рэліз Міністэрства замежных спраў.

Грузінскі бок аказвае пацярпелым “усю неабходную медыцынскую дапамогу”, паведаміў МЗС.

“Амбасада Беларусі знаходзіцца на пастаяннай сувязі з пацярпелымі і іх сваякамі, беларускі консул непасрэдна ў Батумі забяспечвае неабходнае консульскае суправаджэнне і каардынуе ўзаемадзеянне з сем’ямі загінулых. Дыпламаты актыўна садзейнічаюць вырашэнню ўсіх пытанняў, звязаных з лячэннем, афармленнем дакументаў і рэпатрыяцыяй целаў загінулых на радзіму”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што мясцовыя ўлады і паліцыя “прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі дапамогі пацярпелым”. “Яны ўжо выказалі шчырыя спачуванні сем’ям загінулых і прынеслі афіцыйныя прабачэнні ў сувязі з трагедыяй, якая адбылася. Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула цяжкія наступствы”, — заявілі ў МЗС.

Напярэдадні ведамства пацвердзіла гібель двух беларускіх грамадзян у выніку аўтамабільнай аварыі, якая здарылася раніцай 25 ліпеня ў Батумі (Грузія).

“У выніку ДТЗ загінулі двое турыстаў: жанчына 1983 года нараджэння і мужчына 1963 года нараджэння. Яшчэ 12 чалавек з траўмамі сярэдняй і лёгкай ступеняў цяжкасці былі дастаўлены ў бальніцы”, — паведаміў МЗС.

Адзначалася, што пяць чалавек па-ранейшаму ў медустановах, а сем ужо выпісаныя.

Аўтобус перавозіў беларускіх грамадзян з аэрапорта ў гатэль.

Паводле інфармацыі грузінскага рэгіянальнага інтэрнэт-выдання Ajara Times, суботняй раніцай на скрыжаванні вул. Гаргіладзэ і Важа-Пшавела ў Батумі сутыкнуліся мікрааўтобус з турыстычнай групай і легкавы аўтамабіль. Ад удару першы перакуліўся, а другі ўрэзаўся ў сцяну Батумскага ўніверсітэта мастацтваў.

Паведамлялася, што МУС Грузіі пачало расследаванне паводле арт. 276 КК (парушэнне правілаў бяспекі дарожнага руху або эксплуатацыі транспарту).

У розных крыніцах з’явілася інфармацыя, што мікрааўтобус перавозіў грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: