Мінск 20:22

Пачобут і Amnesty International просяць Туска ўмацаваць прававое становішча беларусаў у Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

25 ліпеня, Позірк. З просьбай умяшацца ў сітуацыю з прававым становішчам беларусаў да прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска звярнуліся былы палітвязень, журналіст і актывіст польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут, а таксама дырэктар польскага аддзялення міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Ганна Блашчак-Банасяк.

Аўтары звароту адзначылі, што жыццё беларусаў у Польшчы “зрабілася надзвычай цяжкім” пасля прыняцця ў 2023 годзе Аляксандрам Лукашэнкам указа № 278, які пазбавіў іх магчымасці абменьваць або атрымліваць пашпарты па-за межамі Беларусі.

“У выпадку заканчэння тэрміну дзеяння праязнога дакумента беларусы вымушаныя вяртацца на радзіму, — гаворыцца ў дакуменце. — У выпадку праваабаронцаў або асоб, што якім-небудзь чынам крытычна настроеныя да ўлады, гэта можа прывесці да арышту або іншых рэпрэсій”.

“Важным пытаннем з’яўляецца таксама сітуацыя дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Польшчы. Не існуе магчымасці легалізацыі іх знаходжання, бо бацькі не ў стане атрымаць для іх пашпарт без выезду ўсёй сям’ёй у Беларусь. Прававы статус гэтых дзяцей з’яўляецца вострай праблемай, паколькі стварае пагрозу безграмадзянства”, — падкрэслілі Пачобут і Блашчак-Банасяк.

Адзначаецца, што Amnesty International “ужо больш за год вядзе кампанію, скіраваную на тое, каб звярнуць увагу асоб, якія прымаюць рашэнні, на вышэйапісаныя праблемы”.

“Сумесна з прадстаўнікамі беларускіх апазіцыйных колаў мы заклікалі ўнесці змены ў закон аб замежніках <…> наступным чынам: дазволіць падаўжэнне тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента для замежніка на тэрмін не менш як 3 гады; увесці адмысловы шлях атрымання дакумента, які пацвярджае асобу, для дзяцей грамадзян Беларусі, што нарадзіліся ў Польшчы; адназначна замацаваць статус праязнога дакумента для замежніка як дакумента, які пацвярджае асобу”, — гаворыцца ў звароце.

“Сёння мы аднаўляем гэты заклік, просячы на падтрымку беларускай супольнасці, якая жыве і працуе ў Польшчы. На нашу думку, распараджэнні, што выдаюцца па гэтым пытанні кожныя паўгода міністрам унутраных спраў і адміністрацыі, не з’яўляюцца належнай формай вырашэння вышэйзгаданай праблемы. Распараджэнні, што выдаюцца на такі кароткі тэрмін, часцей за ўсё ў апошнія дні перад заканчэннем тэрміну дзеяння папярэдніх актаў, уносяць нявызначанасць і дэстабілізуюць жыццё беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, тым самым парушаючы правы чалавека”, — мяркуюць аўтары ліста.

Пачобут і Блашчак-Банасяк канстатавалі, што “для беларусаў, якія любяць дэмакратыю, свабоду і сваю радзіму, адсутнасць дакументаў азначае вырак на жыццё ў падвешаным стане”, бо “калі тэрмін дзеяння пашпарта заканчваецца, іх жыццё спыняецца”.

На думку просьбітаў, Туск можа “спыніць гэтае чаканне”, яго дзеянні па вырашэнні гэтай праблемы далі б беларусам у Польшчы спадзеў і вярнулі годнасць, дазволілі б выйсці з “тупіка, які зацягнуўся на гады”.

“143 тысячы грамадзян Беларусі знайшлі прытулак у Польшчы. Дапамога, якую аказаў ім урад Польшчы, акупляецца кожны дзень — яны працуюць на польскіх прадпрыемствах, плацяць падаткі і інтэгруюцца з мясцовым насельніцтвам лепш за ўсіх, як роднасныя душы, — адзначылі аўтары звароту. — Паводле даных даследавання, праведзенага Цэнтрам дыялогу імя Юліуша Мерашэўскага ў 2023 годзе, 89% з іх заяўляюць як мінімум пра базавае веданне польскай мовы. Урад Польшчы парупіўся пра тое, каб яны маглі знайсці ў Рэспубліцы Польшча бяспечны прытулак. Гэта ніколі не будзе забыта”.

“Улічваючы выкладзеныя вышэй абставіны, мы просім распачаць апісаныя вышэй дзеянні, каб жыццё беларусаў у Польшчы не характарызавалася перманентнай часовасцю”, — падсумавалі Пачобут і Блашчак-Банасяк.

Падзяліцца: