Мінск 15:58

Кабанчук пярэчыць Хрэніну: Работы па ўмацаванні мяжы з Украінай вядуцца ўжо не першы год

Вадзім Кабанчук
Архіўнае фота: АПК

25 ліпеня, Позірк. Заява міністра абароны Віктара Хрэніна пра тое, што Беларусь нават не плануе ствараць умацаваныя раёны на мяжы з Украінай, супярэчаць фактам, адзначыў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук.

“Мы бачым, што работы па ўмацаванні мяжы з Украінай вядуцца ўжо не першы год, — прыводзіць каментарый палітыка прэс-служба АПК. — Існуюць спадарожнікавыя здымкі, а таксама фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць будаўніцтва новых абарончых збудаванняў на асобных участках мяжы”.

Паводле слоў Кабанчука, “падобныя запэўніванні беларускіх і расійскіх уладаў” гучалі напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.

“Тады і расійскія чыноўнікі, і Віктар Хрэнін сцвярджалі, што ніякай вайны не будзе. Аднак прайшло зусім няшмат часу — і тэрыторыя Беларусі была выкарыстана для нападу на Украіну”, — падкрэсліў ён.

Такім чынам, на думку прадстаўніка АПК, “сённяшнія заявы рэжыму” Аляксандра Лукашэнкі “не павінны ўспрымацца як падстава для супакаення”.

“Беларускім дэмакратычным сілам, Украіне і краінам-суседзям варта зыходзіць з найгоршага сцэнарыю і загадзя рыхтавацца да магчымых пагроз. Асобную ўвагу неабходна звярнуць і на дэзінфармацыйную кампанію, якую сёння праводзіць рэжым Лукашэнкі”, — адзначыў Кабанчук.

На сустрэчы з Лукашэнкам 22 ліпеня Хрэнін абверг паведамленні пра ўзвядзенне Беларуссю фартыфікацыйных збудаванняў на мяжы з Украінай, назваўшы іх “укідамі” і часткай “інфармацыйнага супрацьстаяння”.

“Мы гэта, вядома, чулі і на гэта глядзім з усмешкай”, — сказаў чыноўнік, сцвярджаючы, што такія заявы закліканы “стварыць напружанне ў <…> грамадстве”.

Пры гэтым Хрэнін паведаміў, што даручэнне Лукашэнкі па абсталяванні ўмацаваных раёнаў уздоўж заходняй і паўночнай межаў выкананае. Паводле яго слоў, іх створана пяць.

“На паўднёвай мяжы і ў планах нават няма стварэння нейкіх умацаваных раёнаў, абарончых рубяжоў”, — заявіў міністр.

Падзяліцца: